Пачаўся суд над мінчуком, які агаліўся на рэпетыцыі параду
31 жніўня у судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы мінчука, які зняў нагавіцы перад ваеннай тэхнікай падчас рэпетыцыі вайсковага параду.
Як паведамляе tut.by, ад часу затрымання і да пачатку суда абвінавачаны Павел Труханаў знаходзіўся пад вартай. На суд прыйшлі яго блізкія сваякі. Абвінавачанаму мінчуку 33 гады, да затрымання ён нідзе не працаваў, праблем з законам не меў.
Здарэнне адбылося на вуліцы Арлоўскай увечары 24 чэрвеня. Мужчына выйшаў на праезную частку перад танкамі Мінскага гарнізона і агаліў палавыя органы. Пры спробе затрымання ён стукнуў міліцыянта і паспрабаваў уцячы. Адзін з прысутных зняў здарэнне на відэа і выклаў у інтэрнэт.
Суд прызнаў пацярпелымі па справе некалькі чалавек, якія прысутнічалі падчас здарэння. Мінчанка Галіна Платонова, якая трапіла ў спіс пацярпелых, адзіная прыйшла на працэс. Іншыя спаслаліся на розныя прычыны. Платонава кажа, што не хоча ніякай маральнай кампенсацыі.
"Я паглядзела на сям'ю Паўла — бачна, што гэта добрыя, прыстойныя людзі, у яго маленькае дзіця. Тое, што ён зрабіў, няправільна, непрыемна і непрыгожа. Думаю, ён ужо ўсё зразумеў, мне яго шкада. Гэты ўчынак чалавеку проста зламаў жыццё", — заявіла жанчына.
Труханаў у судзе сваю віну цалкам прызнаў, хаця з таго вечара шмат чаго не памятае. Ён паведаміў, што быў з жонкай і дзіцем на дні нараджэння сяброўкі. "Прыехалі недзе ў 15.00, былі да вечара. Пілі гарэлку, сам п'ю не часта, як звычайныя людзі, толькі па святах", — распавёў ён. Мужчына прызнаўся, што выпіў больш за 10 чарак, потым жонка выклікала таксоўку. Аднак дадому сям'і Труханавых даехаць не ўдалося, бо дарогі былі перакрытыя ў сувязі з парадам.
"Памятаю толькі, як пайшоў на святло ў цемры, а далей я ўжо ляжаў у кайданках", — кажа мінчук.
У абвінавачанні пракурор заявіў: "Знаходзячыся ў грамадскім месцы, маючы намер на здзяйсненне хуліганства, паказваў здольнасць да бясчынстваў, выказваў жаданне самасцвердзіцца шляхам дзёрзкага ўчынку. Пры гэтым нецэнзурна лаяўся". Згадаў ён і пра ўдар, які Труханаў нанёс міліцыянту.
Мінчука вінавацяць у хуліганстве і гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.