"Пачкі доказаў злачынстваў": НАУ хоча прызнаць Лукашэнку тэрарыстам
Жанчыны паказваюць фатаграфіі збітых на Акрэсціна сілавіку / Еўрарадыё
Паколькі ў Беларусі часам не да законаў, НАУ спрабуе дамагчыся прызнання тэрарыстам Аляксандра Лукашэнкі на сусветным узроўні, расказвае юрыст, адказны за пытанні юстыцыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.
Для гэтага НАУ ініцыюе прававую канферэнцыю ў Нюрнбергу. Пра тое, якіх вынікаў ад яе чакаць, ці ёсць у грамадства рэзерв стрымлівання рэпрэсій і чаму прыцягненне да адказнасці за іх на міжнародным узроўні рыхтуецца доўга, Міхаіл Кірылюк расказаў Еўрарадыё.
"Рэпрэсіі — тэрарызм нават па беларускім заканадаўстве"
Пасадка самалёта Ryanair у Мінску — падстава для таго, каб гаварыць пра датычнасць беларускіх уладаў да тэрарыстычнага акта, лічыць эксперт.
— З пункту гледжання людзей па-за Беларуссю, кейс Ryanair — самы яркі. Як бы гэта ні гучала жудасна або цынічна для беларусаў. Але калі адбываецца захоп самалёта еўрапейскіх авіяліній пры дапамозе ваеннага бамбавіка, гэта ўжо пераход чырвоных ліній, як прынята выказвацца.
На падобныя інцыдэнты па-за Беларуссю звяртаюць увагу ў першую чаргу.
Калі гаварыць пра тое, ці лічацца рэпрэсіі супраць беларусаў тэрарызмам, то доказаў таго шмат, лічыць суразмоўнік.
— Нашы так званыя службовыя асобы асабліва не абмяжоўваюць сябе ў выразах. Той жа спадар Карпянкоў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання сцвярджае: "Як толькі паступіць загад — дзе б яны ні знаходзіліся, без тэрміну даўнасці, — мы іх знойдзем і мы іх зачысцім". Гэта планаванне міжнароднага тэрарыстычнага акта.
Праверка не толькі для еўрачыноўнікаў, але і для беларусаў
На якой стадыі знаходзіцца арганізацыя міжнароднага трыбунала для адказных за рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў са жніўня 2020 года, суразмоўнік сказаць не можа, але падкрэслівае, што кожны беларус можа зрабіць свой унёсак у гэты працэс.
— На жаль, гэтая інфармацыя не адкрытая. Мы ведаем, што ёсць рабочая група, якая збірае звесткі праваабаронцаў. Праваабаронцы збіраюць інфармацыю ў грамадзян. Вы можаце працягваць перадаваць дакументы давераным праваабарончым арганізацыям. Таму ж Беларускаму Хельсінкскаму камітэту і "Вясне".
Аднак разлічваць на хуткі вынік наўрад ці варта, бо ААН вялікая арганізацыя, дзе, акрамя Беларусі, шмат іншых краін лабіруюць свае інтарэсы.
— Мы таксама павінны прасоўваць свой парадак дня. Напрыклад, вы сустракаецеся з сябрам, журналістам ВВС, і кажаце: "Джон, ты пішаш калонку пра пакуты амерыканскіх падлеткаў ад прагляду твітара ў навучальны час. А вось дзе па-сапраўднаму ёсць праблема". Гэта праверка не толькі для еўрачыноўнікаў, але і для нас.
У грамадства ёсць рэзерв, які стрымлівае рэпрэсіі
Міхаіл Кірылюк падкрэслівае, што не згодны з тымі, хто лічыць, што рэпрэсіі ў Беларусі нішто не стрымлівае.
— Некаторыя кажуць, што Лукашэнку нічога не спыніць: "Дай яму дзесяць тысяч чалавек расстраляць — ён расстраляе". Вядома, калі б паміж ім і ўладай стаялі дзесяць тысяч чалавек, ён бы, напэўна, не спыніўся праз маральны бар'ер. Яго трымае страх таго, што пачнуць рэагаваць беларусы і міжнародная супольнасць.
Нейкі патэнцыял мы ўсё-ткі маем. Адпаведна, мы павінны яго выкарыстоўваць, а не сядзець і чакаць.
Што можа даць канферэнцыя ў Нюрнбергу?
У ідэале павінна з'явіцца рашэнне аб стварэнні міжнароднага трыбунала ў дачыненні да тых, хто датычны да рэпрэсій у Беларусі, расказвае Міхаіл Кірылюк.
— Як варыянт, ёсць Міжнародны крымінальны суд, створаны пры ААН, які дзейнічае на падставе Рымскага статута. Беларусь не падпісала Рымскі статут. Але гэты суд можа па пазове зацікаўленых бакоў распаўсюджваць сваю юрысдыкцыю на іншыя краіны.
Таксама я б хацеў бачыць позвы шэрагу асоб Беларусі, па якіх сабраныя пачкі доказаў іх удзелу як выканаўцаў і арганізатараў катаванняў. І потым абвяшчэнне іх у вышук.
Зварот у Міжнародны крымінальны суд па Беларусі ўжо зроблены, але і тут незразумела, колькі чакаць разгляду беларускага пытання.
— Міжнародны крымінальны суд адзін на ўвесь свет. Некаторыя справы чакаюць сваёй гадзіны год. Кожны прэцэдэнт унікальны і можа доўжыцца розны час. Усё, што мы можам зрабіць, — працягваць барацьбу, — рэзюмуе Міхаіл Кірылюк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.