Падаткі і "пазітыўная ацэнка апанентаў улады": справу Tut.by накіравалі ў суд

Акцыя салідарнасці беларускіх журналістаў, 2020 год / БАЖ
Акцыя салідарнасці беларускіх журналістаў, 2020 год / БАЖ

Крымінальная справа ў дачыненні да пяцярых супрацоўнікаў "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" накіраваная ў суд.

Экс-гендырэктарцы Tut.by Людміле Чэкінай інкрымінавалі ўхіленне ад выплаты падаткаў, арганізацыю распальвання сацыяльнай варожасці, а таксама распаўсюд матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, "скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".

Галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава, галоўны рэдактар палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка і журналістка Алена Талкачова абвінавачваюцца ў дапамаганні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, распальванні сацыяльнай варожасці, распаўсюдзе матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Юрыстконсульту медыя Кацярыне Ткачэнка інкрымінуюць дапамаганне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Следства палічыла, што "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ", з'яўляючыся рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій, недаплаціла падаткі ў бюджэт. Нібыта, таварыства не магло быць рэзідэнтам ПВТ, дало Парку недакладныя звесткі і незаконна карысталася падатковымі ільготамі.

Журналістаў і рэдактараў выдання таксама абвінавачваюць у тым, што яны транслявалі матэрыялы з "загадзя пазітыўнай ацэнкай дзеянняў апанентаў улады", "стоена каардынавалі" пратэсную актыўнасць і "свядома негатыўна" адлюстроўвалі пастановы "службовых асоб, іншых грамадзян, якія выступалі за захаванне дзейнага канстытуцыйнага ладу".

Іншыя 9 фігурантаў справы, кажуць у Генпракуратуры, цалкам прызналі віну. Яны "кампенсавалі нанесеную злачынствам шкоду і заявілі хадайніцтвы ў адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці па падставах, прадугледжаных арт. 88-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь".

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ўсіх пяцярых абвінавачаных па гэтай крымінальнай справе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі