Падчас перапісу насельніцтва Белстат дазволіць вам стаць літвінам ці вейшнорцам

Падчас перапісу насельніцтва Белстат дазволіць вам стаць літвінам ці вейшнорцам

Падчас перапісу насельніцтва, які пройдзе ў Беларусі ў кастрычніку 2019 года, Белстат дазволіць вам выбраць любую нацыянальнасць. Літвін, паляшук, вейшнорац — чаго душа пажадае.

А жадаючыя запісацца вейшнорцамі знойдуцца. Па звестках аднаго са стваральнікаў віртуальнай краіны Анатоля Сакалоўскага, пашпарт грамадзяніна Вейшнорыі на дадзены момант замовілі каля 700 чалавек.

Але ці ўлічыць Белстат падобныя адказы? Так, але радок “вейшнорац” у выніках перапісу не з’явіцца. І вось чаму:

“Назвацца можна кім заўгодна, за чалавека ніхто не будзе вырашаць. Але афіцыйна такой краіны няма, — тлумачаць Еўрарадыё ў Белстаце. — Адказ запішуць. Але ён пойдзе да катэгорыі “іншыя”, бо ў даведніку нацыянальснасцяў такая назва адсутнічае”.   

Апошні раз жыхароў Беларусі “перапісвалі” 10 гадоў таму. Тады 66 рэспандэнтаў заявілі, што яны па нацыянальнасці літвіны, 14 аднеслі сябе да палешукоў, а яшчэ адзін — да палешчукоў. Знайшліся нават тыя, хто назваўся эльфамі і гномамі. Падобныя адказы адносіліся да некаркэтных.

Што праўда, сам Анатоль Сакалоўскі мае намер запісаць сябе беларусам. Ён тлумачыць Еўрарадыё, што вейшнорцам сябе не лічыць. Усё ж Вейшнорыя — віртуальная краіна на захадзе Беларусі, а хлопец нарадзіўся ў Мінску.

Якія яшчэ цікавыя пытанні зададуць жыхарам Беларусі падчас перапісу? У 2009 годзе ў перапісным аркушы было 37 пытанняў. На гэты раз апытальнік складаецца з 49 пытанняў, на якія людзі будуць адказваць пры дапамозе планшэтаў.

“Блок пытанняў будзе пашыраны — па адукацыі, міграцыі, будзе пытанне плануемай колькасці дзяцей у сям'і, а таксама новыя пытанні, датычныя сельскай гаспадаркі”, — адказвае прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Таццяна Лапкоўская.

Некаторыя пытанні падаюцца Еўрарадыё дзіўнымі. Напрыклад, пытанне пра тое, ці плануюць жанчыны нараджаць дзяцей. Ну падумайце самі: вынікі перапісу будуць падведзеныя толькі праз паўтара года. За гэты час жанчыны, якія збіраюцца завесці дзяцей, паспеюць нарадзіць, і іх планы рэалізуюцца. А планы іншых, якія ў кастрычніку 2019 года не плануюць папаўненне ў сям’і, могуць за гэты час змяніцца. У чым тады сэнс такіх звестак?

“Любы нармальны чалавек, тым больш жанчына, якая прыродай прызначаная для нараджэння дзяцей, задумваецца, — тлумачаць нам у Белстаце. — Іншае пытанне: калі? Нармальныя людзі займаюцца планаваннем. Калі жанчына замужам (ці нават не замужам) яна задумваецца: будуць у яе дзеці ці не”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі