Пад'езд у полацкім "доме для інвалідаў" здалі без поручняў

Дом, зручны для ўсіх?
Дом, зручны для ўсіх?

У "сацыяльным" доме ў Полацку адзін з трох пад'ездаў здалі без парэнчаў. У доме жывуць дзеці-сіроты, шматдзетныя сем'і, непрацуючыя адзінокія інваліды і сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Парэнчы б ім вельмі спатрэбіліся.

— У нашым пад'ездзе жыве дзяўчына з інваліднасцю па апорна-рухальным апараце. На выхадзе з пад'езда няма поручняў. У іншых пад'ездах ёсць, у нашым — няма, — расказвае Кацярына Кудраўцава, жыхарка злашчаснага пад'езда. — Дзяўчына не можа выходзіць з пад'езда, ёй трэба за нешта трымацца. З траўня падаём заяўкі ў ЖКГ, і кожны аўторак нам абяцаюць: "Прыедзем, зробім". І нічога не робіцца! У Віцебску на гарачай лініі нам сказалі: "Разбірайцеся самі".

Мы былі гатовыя ўжо самі купіць і паставіць гэтыя поручні. Але ў ЖКГ адказалі, што, калі мы самі паставім, гэта будзе незаконна. Яны прыйдуць, спілуюць і яшчэ штраф нам дадуць.

Шматкватэрны дом №8 на праспекце Міру ў Полацку — гэта сумесны беларуска-кітайскі праект, рэалізаваны за кітайскія сродкі. Дом будавалі спецыяльна для людзей, якія маюць права на сацыяльнае жыллё.

Подъезд в полоцком “доме для инвалидов” сдали без поручней
Уручэнне сімвалічнага ключа ад дома / sammit.tv

Падчас урачыстай здачы дома ў канцы 2019 года, на якой прысутнічаў пасол КНР Цуй Цымін, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус сказаў, што "гэтыя дамы нічым не адрозніваюцца ад звычайных суседніх жылых дамоў, якія мы будуем па вобласці, гэта тыпавыя праекты".

Вось толькі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі "тыпавыя праекты" не вельмі падыходзяць. Інвалід першай групы Алена Пальмоўская ў пошуках парэнчаў абівае парогі не першы месяц. Але пакуль што атрымлівае толькі адмовы.

— Я звярталася ў Віцебск, там сказалі: "Па праекце поручня няма". Я кажу: "А мне што рабіць?" Я ўжо падала, у мяне было расцяжэнне. Сказалі, маўляў, вырашайце ў Полацкай ЖКГ. Я пакінула заяўку. Яны кажуць, што не будуць рабіць, толькі за мае сродкі. Як я магу рабіць, калі я інвалід першай групы, У мяне грошай і так не хапае, у мяне двое дзяцей. Я ўжо не ведаю, што рабіць, — расказвае Алена.

Чаму ў доме для сацыяльна ўразлівых людзей не могуць паставіць звычайныя поручні ля пад'езда? У ЖЭС №2 толькі разводзяць рукамі: такі праект. Дом на гарантыі, уносіць змены баяцца.

— Жанчына звярталася да нас, прасіла зрабіць гэтыя парэнчы. Але любое змяненне праекта можа быць небяспечным на вынікі для нашай арганізацыі. Калі мы што-небудзь там зробім, то гарантыю здымуць. Вось чаго я асабіста баюся: што да мяне можа быць такая прэтэнзія, — расказвае намеснік начальніка ЖЭС №2 Аляксандр Лішанкоў. — Курыравала гэты дом віцебскае УКБ, будавалі яго за кітайскія грошы. Мы спрабавалі стукацца ў гэтыя дзверы, але нешта не дастукаліся.

 

Подъезд в полоцком “доме для инвалидов” сдали без поручней
Алена Пальмоўская
Подъезд в полоцком “доме для инвалидов” сдали без поручней
У пад'ездзе нават ёсць спецыяльныя мацаванні для поручняў. Але поручняў няма

У віцебскім упраўленні капітальнага будаўніцтва тлумачаць, што сапраўды па праекце поручні не прадугледжаныя. Паставіць іх не праблема. Усяго толькі трэба знайсці тых, хто гэта зробіць.

— Мы будавалі дом за кошт бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая. Мы нават не ведалі, для якіх людзей мы яго будуем. Мы рэалізавалі праект, увялі ў эксплуатацыю аб'ект, Полацку перадалі у камунальную ўласнасць. Яны замацавалі за ЖКГ, і праз два-тры месяцы яны яшчэ гэты дом засялялі і камплектавалі кватэры, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара УКБ Артур Строд. — У мяне пытанне: чаму яны гэтую жанчыну не засялілі ў першы ці другі пад'езд, дзе ёсць поручні?

Дом на гарантыі, але што здарыцца, калі паставіць гэты поручань? Тэарэтычна гэта магчыма, і я не бачу ніякіх складанасцяў. Калі чалавек звярнуўся і трэба чалавеку дапамагчы паставіць гэты поручань — балансатрымальнік хай возьме і паставіць.

У віцебскім УКБ нам параілі звярнуцца ў інстанцыі, якія стаяць над ЖЭС №2. У Полацкім ЖКГ спасылаюцца на няўзгодненасць дзеянняў з жыхарамі пад'езда.


— Спачатку людзі сказалі: дайце нам дабро, мы паставім за свой кошт. Мы растлумачылі: ніякіх праблем, узгадняйце і стаўце парэнчы. На гарантыйныя абавязацельствы падрадчыка гэта не паўплывае. Але потым у "таварышаў" рэзка змяніўся падыход — чаму мы павінны ставіць, стаўце нам за кошт бюджэтных сродкаў, — адказвае дырэктар полацкай ЖКГ Аляксандр Міхалевіч. — На сённяшні дзень ЖКГ з'яўляецца падраднай арганізацыяй. Дырэктыва №7 рэгламентуе работы ў жыллёва-камунальнай галіне, гэта бягучы рамонт. Заказчык на бягучы рамонт — Наваполацкая кіруючая кампанія, куды на гэтым тыдні будзе накіраваны дэфектны акт на выкананне гэтых работ. Яны правядуць працэдуру і вызначаць, хто гэта будзе рабіць. 

Будзем спадзявацца, што ў Наваполацкай кіруючай кампаніі ўвойдуць у становішча і паставяць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі зручныя поручні за бюджэтныя сродкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі