Палац. "Кола грукатала"
Пяты нумарны альбом стваральнікаў фольк-мадэрну ў Беларусі.
“Палац” выпусціў доўгачаканы альбом. Грунтоўны і прыгожы. Як і мусіць быць у заслужанага гурта. “Кола грукатала” стваралася цягам апошніх сямі гадоў, увабрала ў сябе лепшыя творы, якія былі напісаныя за гэты час. Прыемнасцяў на пласцінцы шмат. Першая — гэта аўтарскія песні Алега Хаменкі, якія амаль нічым не адрозніваюцца ад народных. Глыбокія і філасафічныя. Прыгожыя. Не будзе дзіўна, калі песні “Праважала маці сына” ці “Хай месяц лунае” аднойчы ўвойдуць у скарбонку беларускага фальклору. Цікава, што ў глабальнай перапрацоўцы бабуліных песень “Палац” бачыць увогуле выйсце для сучасных фолк-музыкаў.
Другая прыемнасць дыску “Кола грукатала” — бонусы. Прычым, бонусы двух відаў. Больш сучасна і свежа загучалі “залатыя” хіты “Палаца” — “Страла” і “Русалкі”.
Упрыгожаннем дыска “Кола грукатала” можна лічыць і лёгенькія і мілыя інструменталкі з казкі “Салдат-Доктар”. “Фаніпальскі вальс” ці “Вясельны маршык” разнявольваюць строгую атмасферу, уласцівую першай частцы дыску і беларускім народным песням увогуле.
Натуральна, што першыя праслухоўванні альбому “Кола грукатала” выклікалі супрацьлеглыя эмоцыі. Напрыклад, музыка Алесь Лютыч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку піша Алегу Хаменку пра сваё захапленне пласцінкай і раіць усім яе паслухаць!
Але ёсць і іншыя меркаванні. Напрыклад, на сайце Experty.by “Палац” абвінавачваюць у тым, што “альбом не запісаны праз блютуз, што альбом не адрозніваецца ад матэрыялу гурта ўзору 2003 года, што аранжыроўкі песень простыя і сціплыя, і што ад іх цела не атакуюць дрыжыкі”. Безумоўна, з гэтым можна паспрачацца. Можна быць якім-заўгодна эстэтам і ісці ў нагу з часам. Можна бясконца слухаць замежных артыстаў і “браць з іх прыклад” ці проста “тупа капіяваць заходнія навінкі”. Але “Палац” стварае музыку, зразумелую людзям. Гурт проста і з густам даносіць да слухача мудрасць, якая ідзе ад каранёў, не гоніцца за эксперыментамі, не пакутуе на гігантаманію і мінімамалізм. “Палац” ідзе сваім добрым шляхам. Бо насамрэч, галоўны эксперымент калектыў ужо зрабіў — навучыў нас любіць бабуліну песню.