Палітолаг: “Альтэрнатыўны кандыдат” — гэта негатыўны рэйтынг улады

Еўрарадыё: Гэты альтэрнатыўны кандыдат — гэта хто: прадстаўнік апазіцыі, прадстаўнік уладнай эліты, ці нехта, чыё імя мы яшчэ не ведаем?

 

Юрый Чавусаў: Гэта не персаніфікаваная фігура. У дадзеным выпадку “альтэрнатыўнага кандыдата” трэба ўспрымаць як негатыўны рэйтынг дзеючай улады ў цэлым. Не толькі ў персоне Лукашэнкі, але і ўсталяванай ім сістэмы, палітыкі, якая праводзіцца сістэмай. Гэта паказчык, які сведчыць пра эканамічныя пралікі дзеючай улады.

Еўрарадыё: Альтэрнатыўны кандыдат — гэта фікцыя? На дадзены момант яго не можа прапанаваць ні адзін лагер?

 

Юрый Чавусаў: Пытанне не ў тым, хто можа прапанаваць альтэрнатыўнага кандыдата. Паказчыкі апазіцыйных палітыкаў, якія таксама фігуруюць у апытаннях, падобныя да паслявыбарных паказчыкаў 2006 года. Грамадства ведае, што на выбарах немагчыма здабыць уладу. Выбарчыя механізмы не дазваляюць апазіцыйным палітыкам прыйсці да ўлады, таму гэтыя паказчыкі нельга назваць рэйтынгамі. Гэта не палітычныя рэйтынгі, паколькі ў Беларусі адсутнічае канкурэнтная, плюарыстычная палітыка, і грамадства гэта разумее. Таму сацыёлагі вымушаныя шукаць магчымасць называць рэйтынгі ў сітуацыі, калі грамадству вядома, што можа быць толькі адзін палітык.

Еўрарадыё: Ці маглі б выкарыстаць такую сітуацыю беларускія дэмакратычныя сілы?

Юрый Чавусаў: Гэта больш спрыяльныя ўмовы для прапаганды сваіх перакананняў, сваіх праграмаў альтэрнатыўнага развіцця краіны, але ўсе ўпіраецца ў пытанне “Якім чынам?”. Якім чынам можна прымусіць дзяржаву ісці іншым курсам? Усе прыходзяць да таго, што ў Беларусі ёсць дыктатура, а выбарчыя механізмы і сацыёлагі не працуюць у дыктатуры.

Еўрарадыё: Што застаецца рабіць звычайным беларусам, і тым, хто хацеў бы пазмагацца за высокую пасаду ў нашай краіне?

Юрый Чавусаў: Тым, хто хоча пазмагацца за высокую пасаду, можна параіць ісці ў "вертыкаль". Адзіны вертыкальны механізм мабільнасці зараз — гэта выканаўчая ўлада. Нават парламент, палата прадстаўнікоў, у дзеючай сістэме перастаў быць пачаткам кар’еры, як быў Вярхоўны Савет 12-га, 13-га склікання і нават Палата прадстаўнікоў 1-га склікання. Сёння гэта такі "адстойнік" для палітычных пенсіянераў. Можна прагназаваць, што ў гэтым годзе сярэдні ўзрост дэпутатаў стане яшчэ вышэйшы. Па сутнасці, гэта такі перадпенсійны адпачынак для адстаўных наменклатуршчыкаў. У Беларусі зараз есць сур’езныя праблемы з рэкрутаваннем эліты. І чалавек, які мае нейкія амбіцыі, мае бачанне таго, як павінна ажыццяўляцца палітыка ў нейкай галіне, ён мае складанасці ў выбары шляхоў, як гэтыя амбіцыі рэалізаваць.

Еўрарадыё: Хоць на некалькі адсоткаў, але расце рэйтынг Лукашэнкі. Ён мае ўжо амаль 25%, а ў верасні меў 20%. З чым звязаны рост рэйтынгу?

Юрый Чавусаў: Паўтару — памылкова называць гэтыя паказчыкі рэйтынгамі палітыкаў, бо вы, калі кажаце “рэйтынг” — вы параўноўваеце гэта з тым, што называецца “рэйтынгам” у канкурэнтных палітычных сістэмах. У ЗША сёння маюць месца рэйтынгі, якія пасля знаходзяць выяўленне ў тым, што адбываецца на выбарчых участках. Тут, у Беларусі, гэта не перадвыбарчыя рэйтынгі, гэта рэйтынгі даверу кіраўніку дзяржавы, гэта ўзровень легітымнасці дзеючай улады. Адпаведна, калі ўзровень падтрымкі Лукашэнкі падае, ён узмацняе сілавы складнік рэжыму. У сітуацыі, калі яго падтрымлівае толькі 20-25% ён вымушаны ўзмацняць рэпрэсіі і сілавыя каналы ўціску на грамадства. Тое, што адсоткі ягонай падтрымкі павялічыліся з 20 да 25 — гэта нязначнае павелічэнне, мы гэта зафіксуем, як спыненне падзення. Людзі адаптаваліся да таго ўзроўню жыцця, які яны атрымалі ў 2011 годзе. Гэтае драматычнае падзенне ўзроўню жыцця спынілася і людзі думаюць, абы не стала горш. Гэтыя лічбы — не рэйтынг, толькі ўзровень легітымнасці.

Еўрарадыё: Нельга казаць, што гэта такая тэндэнцыя на ўзрост падтрымкі Лукашэнкі?

Юрый Чавусаў: Калі ўлады не дапусцяць новай дэвальвацыі, новага падзення ўзроўню жыцця, пра што папярэджваюць незалежныя эканамісты, то хутчэй за ўсё, гэты рэйтынг не толькі стабілізуецца, але і пойдзе ўверх. Прынамсі да вясны, пакуль будзе дзейнічаць прымірэнне ў стасунках Мінска і Масквы, мы будзем атрымліваць падачкі з Крамля, а рэйтынг Лукашэнкі будзе заставацца на высокім ўзроўні, блізкім да траціны. Пасля, у выніку новых эканамічных цяжкасцяў, могуць быць новыя пературбацыі ў грамадскім меркаванні, звязаныя не толькі са стаўленнем да канкрэтных персон, а больш пра тое, ці зможа Беларусь існаваць як незалежная краіна, ці можа варта далучыцца да іншай краіны? Я прагназую змяненні ў геапалітычнай арыентацыі беларусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі