Палітолаг: Кандыдаты ў прэзідэнты сёлета вызваленыя не будуць
Палітолаг Юрый Чавусаў пракаментаваў памілаванне беларускімі ўладамі чарговай групы палітвязняў.
Еўрарадыё: Ёсць думка, што вызваленне палітвязняў "порцыямі" — гэта паказальныя крокі для Еўрасаюза, каб ён заглынуў прынаду і зрабіў пэўныя саступкі ў адносінах да беларускай улады, аднавіў дыялог. На вашую думку, ці гэты крок кіраўніка Беларусі адгукнецца нейкім чынам і зробіць Еўропу больш прыхільнай да беларускіх уладаў?
Юрий Чавусаў: "Вызваленне палітвязняў "порцыямі" — гэта перамога таго падыхода, які быў прынцыпова заняты еўрапейскімі структурамі, у першую чаргу ўрадамі еўрапейскіх сталіцаў і Бруселем, уласна кажучы, калі было прынята рашэнне не ўступаць у перамовы адносна вызвалення палітвязняў, не ўступаць у гандаль палітвязнямі, а паставіць вызваленне палітвязняў адзінай перадумовай для вяртання да палітыкі дыялога з беларускім рэжымам. Беларускі рэжым хацеў гандлю палітвязнямі, а тавар аказаўся неліквідным".
Еўрарадыё: Калі ўсе палітвязні будуць вызваленыя, ці будзе ЕС патрабаваць яшчэ нейкіх зменаў, рэформаў, каб пачаць дыялог з рэжымам?
Юрий Чавусаў: "Ёсць пералік тых патрабаванняў, якія ЕС высоўвае апроч вызвалення палітвязняў — гэта накшталт скасавання артыкула 193.1 , які карае за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў, гэта рэгістрацыя палітычных арганізацый — усе гэтыя патрабаванні высоўваюцца як прадмет для дыялогу. Вызваленне палітвязняў робіць такі дыялог магчымым. Я думаю, што пасля вызвалення асобаў, якія былі кандыдатамі ў прэзідэнты, пасля вызвалення пацярпелых ад правакацыяў тыпу Дашкевіча і Лобава, пасля вызвалення Алеся Бяляцкага, дыялог па іншых пытаннях зробіцца магчымым і ЕС у яго ўступіць".
Еўрарадыё: На вашую думку, калі апошні палітвязень пакіне турму?
Чавусаў: "Я думаю, што вызваленне 11 — гэта апошні крок. І кандыдаты ў прэзідэнты, калі яны не патрапілі ў спіс гэтых 11, будуць вызвалены значна пазней. Думаю, гэта наступны год".