Палітолаг: Заўзятары хочуць паказаць, што “Расія падымаецца з каленаў"
Палітолаг, журналіст Польскага Радыё Аляксандар Папко лічыць, што ўлады Варшавы дазволілі расіянам прайсціся вуліцамі сталіцы, каб паказаць сваю гасціннасць.
Еўрарадыё: Як успрымаюць у польскім грамадстве перспектыву правядзення расіянамі шэсця фанатаў у Варшаве?
Аляксандар Папко: Гэтае шэсце раздзяліла польскае грамадства і польскіх палітыкаў. З аднаго боку, некаторыя лічаць гэта проста шэсцем фанатаў. Палякі стараюцца паказаць сваю гасціннасць незалежна ад таго, хто госць, і як ён сябе паводзіць (як сказаў еўрадэпутат Яцэк Пратасевіч). Для іншых жа гэта паўтарэнне спрадвечных польска-расійскіх канфліктаў і гістарычных крыўдаў. Сітуацыя вельмі нервовая: і ў грамадстве, і сярод палітыкаў, і ва ўладаў горада Варшавы.
Еўрарадыё: Ці ёсць ужо заяўкі на арганізацыю нейкага контр-шэсця або паралельнага?
Аляксандар Папко: Прынамсі ў інтэрнэце, дзе гэта ўсё распаўсюджваецца, такіх заяваў няма. Але на розных форумах з’яўляюцца розныя агрэсіўныя выпады ў бок расійскіх балельшчыкаў. Напрыклад, з’явіўся банер “Бі бальшавікоў”. У расійскім інтэрнэце распаўсюджваецца такая ініцыятыва – кідаць з трыбуны самалёцікі з надпісам “Смаленск”. Такім чынам, нагодаў для кепскіх гістарычных жартаў вельмі шмат.
Еўрарадыё: Здавалася б, што чэмпіянат павінен быў бы ўлагодзіць розныя гістарычныя крыўды, а выходзіць наадварот. Некаторыя палякі скардзяцца , што ўлады Варшавы самім палякам не дазваляюць свабодна праводзіць дэманстрацыі (як з крыжом ля палаца), а як прыязджаюць “рускія” – на здароўе. Што вы пра гэта думаеце?
Аляксандар Папко: Напрыклад, маніфестацыя прафсаюза “Салідарнасць”, якая прызначалася на 8-га чэрвеня, адрозніваецца ад шэсця расійскіх фанатаў, бо яна планавалася на некалькі гадзін ды адразу пасля матча Польшча-Грэцыя. Гэтае шэсце магло б заблакаваць мост, што вядзе да стадыёна, і эвакуацыйныя шляхі вакол яго. Што ж да шэсця расійскіх фанатаў – яно будзе доўжыцца ўсяго толькі паўгадзіны і адбудзецца амаль за 4 гадзіны да пачатку матча. Я думаю, што расійскія фанаты падумалі пайсці загадзя, каб зменшыць рызыку затораў, каб гэта было бяспечней, каб ім дазволілі. Хоць вядома, што ўлады пайшлі насустрач расійскім фанатам, бо фармальна заяву на правядзенне шэсця трэба падаваць за тры дні, а тут усё было зроблена вельмі хутка. Наколькі я ведаю, з арганізацыяй расійскіх заўзятараў сустрэлася сама мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц. Гэта значыць, што рашэнне прымалася на максімальна высокім узроўні. Гасцям пайшлі насустрач, а што тычыцца забароны маніфестацыі прафсаюза “Салідарнасць” ці іншых маніфестацый каля прэзідэнцкага палацу – сітуацыя выключная: гэта чэмпіянат, і трэба дбаць пра бяспеку. Калі забараняецца шэсце фанатаў – гэта правакуе агрэсію і таксама пагаршае сітуацыю з бяспекай. Ёсць у гэтым і палітычны аспект, але трэба максімальна “выпусціць пару” і максімальна залагодзіць усе магчымыя канфлікты.
Еўрарадыё: Вы ўжо ўзгадалі пра заклікі “Бі бальшавікоў”. Як з пытаннем сімволікі? Людзі нервуюцца, што вось яны пройдуць з сярпамі-молатамі па іх вуліцах… Як гэта выглядае на ўзроўні заканадаўства? Ці можна выкарыстоўваць савецкую сімволіку?
Аляксандар Папко: Што тычыцца заканадаўства, то ў Польшчы забаронена прапаганда таталітарных ідэалогій і таталітарнай сімволікі. Але, што тычыцца сярпа і молата, як пастанавіў канстытуцыйны суд у 2011 годзе, маніфестацыя гэтай сімволікі будзе забароненая і лічыцца прапагандай таталітарызму толькі тады, калі яна будзе спалучана з усхваленнем таталітарнай сістэмы: калі чалавек з чырвоным сцягам і сярпом ды молатам будзе несці партрэт Сталіна ды казаць, што сталінізм быў добрай сістэмай, якую трэба адрадзіць – гэта будзе выглядаць як таталітарная прапаганда. Калі сама чырвоная майка з сярпом і молатам будзе прысутнічаць – то адзін гэты факт не лічыцца прапагандай таталітарызму.
Еўрарадыё: Але чаму такая сімволіка мае з’явіцца на маршы прымеркаваным да Дня Расіі? Гэта ж не сучасная расійская сімволіка…
Аляксандар Папко: Кожны расійскі патрыёт скажа, што гэтая сімволіка – частка расійскай гісторыі і вельмі невялікая частка грамадства ў Расіі негатыўна да яе ставіцца. Большасць расіян скажа, што гэта сімвал іх вялікай імперыі, калі тая дасягнула найбольшай магутнасці, калі савецкія танкі стаялі ў Берліне, а ўплывы Савецкага Саюза сягалі да В’етнама. Гэтая сімволіка – чарговая нагода паказаць свой гістарычны гонар і паказаць, што, маўляў, “Расія падымецца з каленаў”.
Еўрарадыё: Ці варта чакаць беспарадкаў на вуліцах?
Аляксандар Папко: З аднаго боку, тут дзейнічае прынцып прароцтва, якое спаўняецца само сабой. Калі чагосьці вельмі баяцца, то яно абавязкова адбудзецца. Аднак, я думаю, што паліцыя і гарадскія ўлады будуць падрыхтаваныя да развіцця падзеяў. Апошнімі днямі ўдалося вельмі ўлагодзіць спосаб выказвання з абодвух бакоў, ўлагодзіць канфлікты, таму вялікіх боек ці абразаў з аднаго ці іншага боку не будзе.