Палітвязню Максіму Знаку выставілі канчатковае абвінавачванне

Палітвязню Максіму Знаку выставілі канчатковае абвінавачванне

Палітвязню Максіму Знаку выставілі канчатковае абвінавачванне. Чакаецца, што справу неўзабаве перададуць у суд. Пра гэта напісаў у Telegram яго адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Сябра прэзідыўму Каардынацыйнай рады адвакат Максім Знак быў затрыманы 9 верасня мінулага года. Яго абвінавацілі ў "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь". У СІЗА № 1 у Мінску Знак тыдзень трымаў галадоўку — пратэставаў супраць абвінавачвання. Сёлета палітвязню былі выстаўленыя новыя абвінавачванні — у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам" і ў "стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім".

Як піша Лаеўскі, пра заканчэнне папярэдняга расследавання справы ён даведаўся 7 траўня. Пасля азнаямлення з яе матэрыяламі абарона збіраецца хадайнічаць аб правядзенні дадатковых дзеянняў ці пра спыненне крымінальнага пераследу "ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства". Канчатковае абвінавачванне было выстаўлена 5 траўня.

"У частцы інкрымінаваных Максіму Знаку дзеянняў гэтае абвінавачванне пазбаўлена якой-небудзь канкрэтыкі, — працягвае Лаеўскі. — Яно складаецца з абстрактных фармулёвак, з якіх абсалютна неясна, у чым менавіта палягаюць дзеянні Максіма, расцэненыя следчым як злачынства".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі