Памочнік прэзідэнта: Пэўныя сістэмныя праблемы перакладваюцца на бізнес
Максім Рыжанкоў выступіў у абарону сеткі крамаў "5 элемент", у якой узніклі праблемы з Міністэрствам гандлю: "ледзь не палітыку прыпісваюць".
Памочнік прэзідэнта па спорце, кіраўнік Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў выступіў у абарону сеткі крамаў "5 элемент". Як вядома. 11 снежня Міністэрства гандлю за выяўленыя парушэнні заканадаўства прыпыніла працу шэрагу крамаў. Уладальнік сеткі Андрэй Балабін з'яўляецца намеснікам Рыжанкова ў федэрацыі.
У інтэрв'ю газеце "Прессбол" памочнік прэзідэнта па спорце абараняе "5 элемент" і яго кіраўніка. "Інакш, чым няўклюднымі, дзеянні супраць "5-га элемента" назваць не магу, — кажа Максім Рыжанкоў. — Мне, як памочніку прэзідэнта па спартыўных пытаннях, даваць ацэнку эканамічным працэсам не з рукі. Але ў дадзеным выпадку справа датычыць паважанага, адказнага партнёра нашай федэрацыі. І не толькі нашай, а і тэніснай, і футбольнай.
"5 элемент" рэалізуе сацыяльную палітыку, аказвае падтрымку ўразлівым слаям насельніцтва. Усё гэта абавязвае мяне ўстаць на абарону нашага партнёра. Атрымліваецца сітуацыя, калі пэўныя сістэмныя праблемы — няхай яны прыйшлі і з-за мяжы — перакладваюцца на беларускі бізнес. Такі падыход не падаецца мне адказным.
Усім сёння цяжка, вы ведаеце, якая сітуацыя. Але замест таго, каб вырашыць пытанні ў рэжыме дыялогу, мы размахваем дубінай. "5-му элементу" ледзь не палітыку прыпісваюць. Яе там няма і блізка... Не трэба, прабачце, распранаць камерсантаў да апошняй кашулі. Гранічна ясна выказаўся кіраўнік дзяржавы пра падобныя рэчы. Прэзідэнта, атрымліваецца, не ўсе чуюць".
Нагадаем, Міністэрства гандлю дало 10 дзён для навядзення парадку ў крамах сеткі "5 элемент".
Фота — ctv.by