Справа PandaDoc спыненая: яе прадстаўнікі выплацілі дзяржаве ўрон і кампенсацыю
Справа ІТ-кампаніі PandaDoc спыненая, бо яе прадстаўнікі выплацілі дзяржаве ўрон і кампенсацыю. Агулам — больш за 77 тысяч рублёў. 38 тысяч з гэтай сумы — за "нанесеную шкоду", яшчэ 39 тысяч — гэта "крымінальна-прававая кампенсацыя".
У Генпракуратуры распавялі, што падстава для спынення справы PandaDoc — той жа артыкул Крымінальнага кодэкса, што і ў выпадку з Press Club Belarus. Праўда, не ўдакладнілі, ці давялося абвінавачаным па справе пісаць памілаванне, як гэта рабілі супрацоўнікі Press Club.
Пытанні ўладаў да PandaDoc пачаліся пасля таго, як стваральнік кампаніі Мікіта Мікада заснаваў фонд дапамогі сілавікам, якія пасля выбараў 2020 года вырашылі пакінуць працу ў органах. Пасля затрымання ў верасні чатырох супрацоўнікаў кампаніі Мікада згарнуў праект.
Апошні фігурант справы — дырэктар па прадукце Віктар Куўшынаў — выйшаў на волю 20 жніўня 2021 года. Куўшынаву і яшчэ тром супрацоўнікам PandaDoc прад'явілі абвінавачванне ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. А па БТ PandaDoc абвінавачвалі ў фінансаванні пратэстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.