Папа Францішак адслужыў у Тбілісі імшу на амаль пустым стадыёне
Папа рымскі Францішак, які прыехаў у Грузію з візітам, адслужыў імшу на амаль пустым стадыёне: Грузінская праваслаўная царква параіла сваім вернікам не прымаць удзел у рыма-каталіцкім набажэнстве.
На стадыён змяшчальнасцю 25 тысяч чалавек прыйшло ўсяго каля 3 тысяч жыхароў Грузіі, перадае ВВС.
Паводле афіцыйных звестак, у гэтай краіне жыве меней за адсотак католікаў.
Дэлегацыя Грузінскай праваслаўнай царквы павінна была прыйсці на імшу, аднак у выніку не стала ў ёй удзельнічаць. Пры гэтым набажэнства наведаў прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі.
За два дні да прыезду пантыфіка, патрыярх грузінскай праваслаўнай царквы Ілля ІІ выпусціў заяву, паводле якой праваслаўныя не могуць наведваць каталіцкія набажэнствы з-за розніцы ў дактрынах, якія ідуць яшчэ ад расколу ў 1054 годзе. Пры гэтым патрыярхія назвала непрымальнымі негатыўныя публічныя заявы духоўных асобаў пра пантыфіка.
У пятніцу папу Францішка сустрэлі ў Тбілісі акцыяй пратэсту. Актывісты трымалі плакаты на грузінскай і англійскай мовах: “Ватыкан — духоўны агрэсар”, “Трымайся падалей ад Грузіі, антыхрыст”.