Папа Рымскі мае намер прыцягнуць жанчын да кіравання царквой
У рабоце Сінода біскупаў у Ватыкане ўпершыню прынялі ўдзел жанчыны
Неабходна "тэрмінова" гарантаваць паўнавартасны ўдзел жанчын у кіраванні царквой. Пра гэта гаварыў Папа рымскі Францішак у апошні дзень работы святога Сінода біскупаў у Ватыкане. На гэтай сустрэчы на працягу месяца абмяркоўвалася будучыня царквы. Па выніках быў прыняты тэкст на 42 старонкі. У ім сфармуляваная пазіцыя царквы па цэлым шэрагу пытанняў. Іх будуць разглядаць на другой сесіі ў наступным годзе.
Адметнай асаблівасцю гэтай сустрэчы было тое, што ўпершыню на Сінодзе біскупаў правам голасу надзялілі жанчын, адзначае Еўраньюс.
Усяго ў рабоце Сінода прынялі ўдзел амаль 450 чалавек, у тым ліку 70 свецкіх. Сярод іх былі і 54 жанчыны. Францішак таксама заклікаў на працягу года прааналізаваць пытанне аб допуску жанчын да сану дыякана.
"Дзверы касцёла адчыненыя для ўсіх, усіх, усіх", — гаварыў папа Францішак у пачатку кастрычніка ў сваім казанні ў гонар пачатку Сінода. Пры гэтым частка святароў-кансерватараў зладзіла ў гэты ж час у Рыме асобную канферэнцыю. "Наш абавязак — цвёрда супрацьстаяць любым спробам змяніць вучэнне царквы, якія могуць быць здзейсненыя пасля гэтага Сінадальнага сходу", — сказаў адзін з удзельнікаў сустрэчы пастар Джэральд Мюрэй. На думку святароў-кансерватараў, Сінод сее блытаніну і можа прывесці да расколу царквы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.