Папа Рымскі пазбавіў сана арцыбіскупа, якога вінавацяць у сэксуальным гвалце
Папа Рымскі Францішак пазбавіў сану былога арцыбіскупа Вашынгтона кардынала Тэадора Макарыка, якога абвінавачваюць у сэксуальным гвалце. Цяпер ён не ўваходзіць у курыю Ватыкана. Былому саноўніку загадалі заставацца на самоце і маліцца за дараванне грахоў, пакуль царква расследуе абвінавачанні ў злачынстве амаль 50-гадовай даўніны.
Як паведамляе ВВС, падзеі адбываліся ў 1970-х гадах: Тэадор Макарык абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару ў дачыненні да 16-гадовага служкі. Раней таксама былі абвінавачанні Макарыка ў сэкуальным гвалце ў дачыненні да маладых святароў. Цяпер яму 88 гадоў і ён кажа, што нічога не памятае.
Сёлета ў чэрвені дыяцэзія арцыбіскупа Нью-Ёркскага заявіла, што мае дастатковыя звесткі пра акт гвалту ў дачыненні падлетка, здзейснены амаль 50 гадоў таму кардыналам Тэадорам Макарыкам. Гэтыя звесткі былі перададзеныя ў паліцыю і ў Ватыкан.
Макарык стаў першым у ЗША кардыналам, якога пазбавілі сану. Цягам дзесяцігоддзяў яго лічылі адным з найбольш шанаваных лідараў амерыканскіх католікаў.