Парад 3 ліпеня: дзяўчатам пашылі адмысловыя туфлі, якія немагчыма згубіць
У Дзень Незалежнасці 3 ліпеня ў Мінску пройдзе ваенны парад. Праўда, пачнецца ён не ўдзень, як звычайна, а ўвечары — у 21:00. Пра гэта тэлеканалу АНТ распавёў намеснік міністра абароны Сяргей Патапенка:
“Пачнецца ён з паветранага эшалону. І завершыцца механізаванай калонай”.
У парадзе возьмуць удзел больш за 4 тысячы чалавек. Таксама па Мінску пройдуць прадстаўнікі васьмі замежных армій і тры калоны з дзяўчатамі. Летась падчас параду адна з іх згубіла туфельку. Каб гэта не паўтарылася, для дзяўчат пашылі адмысловыя туфлі, якія дакладна не спадуць падчас хады.
Генеральная рэпетыцыя параду ў Мінску запланаваная на 1 ліпеня.