Парушальніка правілаў паркоўкі ў Лагойску павучылі ўгонам аўтамабіля

Парушальніка правілаў паркоўкі ў Лагойску павучылі ўгонам аўтамабіля

Незвычайны ўгон аўтамабіля адбыўся ў Лагойску, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама.

7 студзеня жыхар Лагойска звярнуўся ў міліцыю з заявай пра ўгон аўто. Ён распавёў, што прыехаў да крамы, каб забраць дачку, якая працуе там прадавачкай. Аўтамабіль з уключаным рухавіком ён пакінуў незамкнёным каля крамы пад камерай назірання. Праз нейкі час мужчына з дачкой выйшаў з крамы, але машыны ўжо не было.

Міліцыянты прыбылі на месца выкліку праз некалькі хвілінаў. Гаспадар аўто з палёгкай паведаміў ім, што невядомы адагнаў яго аўто і прыпаркаваў з тыльнага боку крамы.

Каб разабрацца ў сітуацыі, супрацоўнікі міліцыі прагледзелі запісы з камеры відэаназірання. На іх відаць, як да крамы падыходзяць трое чалавек пенсійнага веку — два мужчыны і жанчына. Яны тузаюць ручку дзвярэй у краму і пра нешта размаўляюць. Потым адзін з іх адчыняе аўто і нешта там разглядае. Пасля гэтага пара пенсіянераў сыходзіць, а мужчына стаіць каля машыны, потым сядае ў яе і з'язджае.

Праяснілі сітуацыю пенсіянеры, якія падышлі да крамы разам з угоншчыкам. Яны распавялі, што з трэцім удзельнікам незнаёмыя, а проста разам падышлі. Усе разам яны абышлі аўтамабіль, прыпаркаваны на тратуары, потым пастаялі на ганку крамы, якая апынулася зачыненай. Пенсіянеры кажуць, што мужчына вылаяўся ў бок уладальніка аўто, хацеў зрабіць яму заўвагу з нагоды паркоўкі. Потым ён падышоў да машыны, спрабаваў пасігналіць, каб выклікаць кіроўцу, але сігналу не было (па словах уладальніка, для сігналу ёсць асобная кнопка збоку). Потым пара пенсіянераў сышла, а трэці, верагодна, вырашыў чакаць кіроўцу.

Цяпер на пенсіянера пачалі крымінальную справу за ўгон. Аднак міліцыянты лічаць, што карыслівых матываў у мужчыны не было, а было толькі жаданне павучыць нядбайнага кіроўцу. Яны заклікаюць мужчыну паведаміць пра сябе ў Лагойскі РАУС, каб высветліць усе акалічнасці здарэння. Не выключана, што пасля гэтага крымінальную справу спыняць.

Усіх, хто пазнаў мужчыну на відэа, просяць звязацца з Лагойскім РАУС па тэлефонах (801774) 5-56-08, (801774) 5-51-59, (8029) 695-43-54.

Прыкметы мужчыны: узрост ад 50 да 60 гадоў, сярэдняга росту, сярэдняга целаскладу, быў апрануты ў куртку-пухавік шэра-бэжавага колеру з каптуром, вязаную шапку з квадратнай эмблемай на адвароце, штаны, цёмныя зімовыя чаравікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі