Пасля парада 3 ліпеня частка вайсковай тэхнікі застанецца на вуліцах Мінска

Пасля парада 3 ліпеня частка вайсковай тэхнікі застанецца на вуліцах Мінска

Пасля парада 3 ліпеня частка вайсковай тэхнікі застанецца на вуліцах Мінска. Пра гэта паведаміў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Паводле яго слоў, усе жадаючыя змогуць на яе паглядзець і нават дакрануцца, інфармуе БЕЛТА.

29 траўня ў кіраўніка дзяржавы прайшла нарада, прысвечаная падрыхтоўцы традыцыйнага парада на Дзень Незалежнасці. Сёлета ён пройдзе на асаблівым сцэнары. Побач з вайсковай тэхнікай будзе прадстаўлена і найноўшая грамадзянская. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу зрабіць свята максімальна відовішчным, яно мусіць уразіць людзей. Ён падкрэсліў: сродкаў на гэта шкадаваць не трэба.

Раўкоў распавёў, што сёлета за кошт механізаваных брыгад і тэрытарыяльных войск будзе павялічана колькасць удзельнікаў парада. Паводле папярэдніх разлікаў, будзе 220 адзінак тэхнікі, у тым ліку і навінкі (напрыклад, “Кайман”). У парадзе возьмуць удзел усе 12 верталётаў Мі-8МТВ-5, якія былі нядаўна набытыя ў Расіі. У ім паўдзельнічаюць і расіяне — на верталётах КА-52, самалётах Су-27 і Су-34.

Міністр абароны падкрэсліў, што бюджэт парада сёлета не павялічыўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі