Пастаўкі газу па "Паўночным патоку-2" пачнуцца ўжо сёлета
Будаўнічыя работы будуць завершаны ў бліжэйшыя дні / Reuters
Пастаўкі газу па трубаправодзе "Паўночны паток-2" пачнуцца ўжо ў гэтым годзе, заявіў са спасылкай на кіраўніка "Газпрама" Аляксея Мілера былы кіраўнік аўстрыйскай OMV Райнэр Зэле, паведамляе ТАСС
OMV— адзін з галоўных партнёраў "Газпрама" і адзін з финансовиых інвестараў "Паўночнага патоку – 2" з боку Еўропы.
"Я чуў ад Аляксея Мілера, што ў гэтым годзе газ пойдзе па гэтым трубаправодзе", — сказаў Зэле.
Дакладныя тэрміны пачатку паставак будуць залежаць ад таго, калі завершыцца сертыфікацыя трубаправода. Аднак ужо вядома, што ў бліжэйшыя дні ўсе будаўнічыя работы будуць завершаны.
"Паўночны паток-2" — расійскі праект. Гэты трубаправод дазволіць пастаўляць газ у Еўропу па дне Балтыйскага мора ў Германію. З уводам яго ў эксплуатацыю Расія стане менш залежная ад краін-транзіцёраў — Украіны і Беларусі.
Аднак у шэрагу краін не выключаюць, што Расія можа выкарыстоўваць трубаправод як рычаг палітычнага ціску. Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас нядаўняга візіту ў ЗША заручыўся падтрымкай прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Амерыканскі прэзідэнт сказаў, што ЗША могуць зноў увесці санкцыі супраць "Паўночнага патоку - 2", калі Украіна сутыкнецца з энергетычнымі праблемамі з-за дзеянняў іншых дзяржаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.