"Патэлефанавалі людзі Лукашэнкі": фасад бізнес-цэнтра з "БЧБ" стаў "БЧЗ"
Зялёную паласу на фасад бізнес-цэнтра дадалі сёння раніцай / Еўрарадыё
7 кастрычніка на фасадзе бізнес-цэнтра "Мустан" пад Мінскам доўгую белую паласу сталі перафарбоўваць у зялёны колер. "Тэлеграм" выбухнуў! Дзіўныя людзі пад аховай міліцыі дамалёўваюць зялёныя палосы да бел-чырвона-белых графіці па ўсім горадзе. Але знайсці крамолу ў размалёўцы бізнес-цэнтра?! Гэта ўжо перабор.
Уладальнік бізнес-цэнтра — турэцкі бізнесмен Седат Ігдзеджы. Гэтым летам ён стаў вядомы тым, што высунуў абвінавачанні ў хабарніцтве ў адрас удзельніка прэзідэнцкай гонкі Валерыя Цапкалы.
— За тыдзень ці два да таго мне патэлефанавалі людзі Лукашэнкі з пытаннем "Чаму апазіцыйны будынак будаваў?" — ці то жартам, ці то ўсур'ёз расказвае бізнесмен. А потым просіць, каб мы напісалі, што колеры фасада не звязаныя з палітыкай:
— Наш турэцкі сцяг таксама чырвона-белы, гэта колеры нашага сцяга. А "Мустанам" бізнес-цэнтр названы ў гонар майго дзядулі.
Дык а зялёная палоска тут пры чым?
— Бізнес-цэнтр раней быў чырвона-белага колеру. Сёння дадалі яшчэ адну лінію асманскага сцяга — зялёны колер. Цяпер фасад колеру асманскага турэцкага сцяга — чырвона-бела-зялёны, — тлумачыць дызайнер новай расфарбоўкі бізнес-цэнтра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.