Паўстанцы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга захапілі беспілотнікі з Беларусі

Беларускія дроны ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга / rba.co.rw
У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга паўстанцы з групоўкі М23, якая прадстаўляе інтарэсы тутсі, захапіла ў аэрапорце горада Гомы ваенную тэхніку, у тым ліку новыя беспілотнікі, упакаваныя ў драўляныя скрынкі. Яны не адрозніваюцца ад дрона "Беркут-ВМ" беларускай вытворчасці. Здымкі захопленай зброі апублікавала 30 студзеня Руандыйскае агенцтва вяшчання, піша reform.news.
На фатаздымку з ускрытай скрынкай можа пабачыць беспілотнік з рэактыўным рухавіком. Крылы яго здымаюцца і запакаваныя асобна. На дне скрынкі ляжыць кніжыца з рускамоўным надпісам "Этикетка" і размашыстым подпісам. Агулам у ангары можна заўважыць каля 20 зялёных скрынак з новымі БПЛА.
Тэлеканал Мінабароны Беларусі паказваў такі ж дрон у траўні 2020 года. Яго не аднойчы паказвалі публічна, на выставах, у тым ліку прэзентавалі Лукашэнку.
"Беркут-ВМ" — беларускі беспілотны лятальны апарат, распрацаваны КБ "Індэла". Першапачаткова гэта была паветраная мішэнь, здольная імітаваць крылатую ракету і транспартны самалёт. У СМІ з'яўлялася інфармацыя пра пастаўкі беспілотніка ў Анголу ў лютым 2019 года.
Дарэчы, у сакавіку 2021 года беларускага бізнесмена Аляксандра Зінгмана, ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі, італьянскага бізнесоўца Персіко і гендырэктара кампаніі AFTRADE Алега Водчыца затрымалі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга па падазрэнні ў гандлі зброяй. Паводле Зінгмана, 12 дзён іх дапытвалі прадстаўнікі чатырох спецслужбаў ДРК, а потым адпусцілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.