"Пайшоў рух" — Рыгора Кастусёва могуць перавесці ў СІЗА КДБ

Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё
Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё

Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва азнаёмілі з канчатковым абвінавачаннем, паведамляе незалежнае беларускае інфармацыйнае агенцтва са спасылкай на зяця палітыка Дзмітрыя Антончыка.

Паводле слоў Антончыка, Кастусёў піша, што чакае пераводу з СІЗА МУС у СІЗА КДБ, дзе яго будуць знаёміць са справай.

"Там ім зручней гэта зрабіць, але ўмовы значна горшыя", — кажа зяць палітыка.

Інфармацыі пра сутнасць абвінавачанняў у сям'і няма, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні і не можа назваць нават артыкул. Аднак вядома, што следчыя дзеянні па справе пачаліся.

"Пайшоў рух. Так што, магчыма, у найбліжэйшы час будзе паказальнае судзілішча", — лічыць суразмоўца агенцтва.

Рыгора Кастусёва затрымалі каля года таму ў Шклове і абвінавацілі разам з палітолагам Аляксандрам Фядутам і юрыстам Юрыем Зянковічам у "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам". Па гэтым артыкуле пагражае да 12 гадоў зняволення.

У зняволенні ў Кастусёва выявілі анкалогію. Цяпер яго стан палепшыўся. Але "стадыя такая, што аперацыю будуць рабіць толькі ў крайнім выпадку". Праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі