Пазіцыі бакоў: Чаго хочуць ад перамоў у Мінску Парашэнка, Пуцін і Еўрасаюз

У кожных перамовах іх удзельнікі маюць свае інтарэсы. Еўрарадыё разабралася, на чым будуць настойваць удзельнікі сустрэчы ў Мінску.

Што хоча Украіна

“Поўны кантроль над мяжой з Расіяй, вяртанне ДНР і ЛНР ва ўкраінскае заканадаўчае поле, правядзенне там мясцовых выбраў, пасля гэтага перамовы з людзьмі, якія будуць абраныя ў органы мясцовай улады. Аднак выбары павінны быць праведзеныя згодна з украінскім заканадаўствам”, — расказвае кіеўскі эксперт Косць Бандарэнка.

І дадае, што ў прынцыпе, Кіеў паспрабуе дамагчыся вяртання да вераснёўскіх мінскіх дамоўленасцяў. То бок да аднаўлення лініі фронту па стане на канец жніўня і аднаўлення перамір’я.

Што хоча Расія

Пуцін назваў ўмовы, пры якіх адбудзецца саміт у Мінску

Маскоўскі палітолаг Дзмітрый Балкунец расказвае пра пазіцыю Масквы. Па яго словах, гэта спыненне агню, але без аднаўлення старой лініі фронту і з прызнаннем уладаў так званых ДНР і ЛНР. У дадатак, Крэмль хоча гарантый неўступлення Украіны ў NATO:

“Я думаю, што расійскі бок будзе безумоўна настойваць у першую чаргу на спыненне вайсковых дзеянняў, па-другое — на прадастаўленне пэўнай аўтаноміі рэгіёнам, дзе на дадзены момант ідуць вайсковыя дзеянні. Гэтыя рэчы будуць прыярытэтнымі. Трэцяе, таксама вельмі важны момант, гэта неўступленне Украіны ў NATO. Для Расіі гэта адзін з прыярытэтаў”, — расказвае Балкунец.

Чаго хочуць Меркель і Аланд

Нямецкі эксперт: Меркель патрабуе ад Кіева дэ-факта часовай капітуляцыі

Акрамя Пуціна і Парашэнкі ў Мінск едуць канцлер Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Наконт іх абодва эксперты Еўрарадыё салідарныя — лідары найбольш уплывовых краін Еўрасаюза 11 лютага папросту паспрабуюць захаваць твар і рэпутацыю:

“Для Меркель і Аланда насамрэч гэтыя перамовы — намаганне надалей застацца постацямі, якія ўплываюць на палітыку ў Еўропе. Яны намагаюцца перахапіць ініцыятыву ў ЗША, а таксама прадэманстраваць, што маюць сур’ёзныя магчымасці ўплываць на палітыку Расіі”, — гаворыць Косць Бандарэнка.

Дзмітрый Балкунец дадае, што поспех у Мінску важны для Аланда з Меркель яшчэ і таму, што дазволіць умацаваць свае пазіцыі ў Францыі і Германіі адпаведна. Апошнім часам абодва палітыкі губляюць рэйтынг у сваіх краінах. Рэпутацыя міратворцаў ім патрэбная не менш, чым кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

Ці змогуць дамовіцца

Тут эксперты таксама салідарныя — змогуць. Дзмітрый Балкунец гаворыць, што проста так у Мінск такія людзі не ездзяць. Папярэднія дамоўленасці былі дасягнутыя ўжо перад правядзеннем перамоў у Беларусі.

“Перад прыездам сусветных лідараў у Мінск праводзілася вялікая праца дыпламатаў. На ўзроўні міністраў замежных спраў, на ўзроўні дарадцаў. Таму, я думаю, шансы знайсці агульную мову даволі высокія. Звярніце таксама ўвагу на тое, што на сустрэчы ў Мінску не будуць прысутнічаць прадстаўнікі ваюючага боку, якія называюць сябе апалчэнцамі. Гэта сведчыць аб тым, што рашэнні прымаюцца на больш высокім узроўні”, — мяркуе Балкунец.

Чаго хоча Беларусь

Чаму перамовы па Украіне праходзяць у Мінску і што яны прынясуць Беларусі

Пазіцыю афіцыйнага Мінска і сваю асабіста (што вельмі часта супадае) Аляксандр Лукашэнка выказаў на сустрэчы з Пуціным у Сочы:

“Дзеля таго, каб было спакойна ў нашым з вамі агульным доме, усё ж такі гэта не чужыя нам людзі ў Данецку, Данбасе, ва Украіне, мы будзем у Беларусі рабіць усё для таго, каб выйсці з той сітуацыі, у якую яны патрапілі”, — абяцае Лукашэнка.

Цяжка не паверыць. Хаця ўжо сам факт правядзення такіх перамоў у Беларусі значна дадае Лукашэнку палітычнага капіталу.

Фота Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі