Пазняк — беларусам: не спадзяемся ні на разбэшчаны Захад, ні на дзікі Усход
Кіраўнік КХП-БНФ, палітэмігрант Зянон Пазняк павіншаваў беларусаў "з Новым годам надзеі і барацьбы". Ён зычыць землякам "здароўя і пазбаўлення ад праклятай эпідэміі "Ковіду-19" і вызвалення ад "прамаскоўскай улады".
"Не спадзяемся ні на разбэшчаны Захад, ні на дзікі Усход, бо яны заўсёды дамовяцца між сабой, каб падзяліць уплывы, а пры нагодзе і нашу зямлю, — піша палітык на сваёй старонцы ў Facebook. — Так было шмат разоў".
Пазняк заклікае спадзявацца "на сябе, на свой розум, на свой здаровы сэнс, на сваю працу, на сваю палітыку, на сваю высокую беларускую культуру", а таксама шанаваць сваё — мову, культуру, нацыянальную сімволіку, беларусаў і Беларусь.
"Ня боймася выгнанняў і пакут, — піша Зянон Пазняк. — Не забывайма пра ахвяры свабоды. Верма ў светлую Беларусь, у Божую Ласку. Хай Гасподзь павернецца да нас Тварам, каб не пагаслі сэрцы, каб мацнеў дух, каб квітнела любоў".
Палітык перакананы, што "людзі ўзмацнеюць і сіла народная скрышыць турму атрутнага цмока".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.