Перад тым, як адпусціць ізраільскага адваката на радзіму, у Мінску яе асудзілі

Мая Райтэн-Столь пасля вызвалення​ / mako.co.il
Мая Райтэн-Столь пасля вызвалення​ / mako.co.il

Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці вызвалення ізраільскага адваката Маі Райтэн-Столь. Пра тое, што яна вяртаецца на радзіму, стала вядома напярэдадні.

Ізраільская прэса піша, што пасля званка прэзідэнта Іцхака Герцага Аляксандру Лукашэнку ў Мінску адбыўся суд. Нагадаем, Райтэн-Столь абвінавачвалі ў кантрабандзе наркотыкаў (у яе знайшлі 2,5 грама лекавай канаплі). Суд прыгаварыў жанчыну да штрафу ў памеры 2 500 даляраў ЗША.

"Я адчуваю сябе самым шчаслівым чалавекам у свеце. Я не магу дачакацца, калі ўбачу сваіх дзяцей, я не магу дачакацца, калі вярнуся дадому, я не магу паверыць, што іду свабодна, без суправаджэння, без таго, каб на мяне не крычалі, без неабходнасці трымаць рукі за спіной", сказала яна пасля вызвалення. Яе словы прыводзіць выданне mako.co.il.

Прэзідэнт Ізраіля Герцаг на сваёй старонцы ў Twitter падзякаваў за прафесійную і паспяховую працу ў вырашэнне гэтага пытання кіраўніку МЗС Ізраіля Яіру Лапіду і міністру фінансаў Авігдору Ліберману. У іх даўнія сувязі ў кіраўніцтве Беларусі, нагадвае гісторык Аляксандр Фрыдман.

Ён таксама адзначае са спасылкай на канцылярыю прэзідэнта Герцага, што ізраільскі бок пры абмеркаванні з Мінскам гэтага пытання не браў на сябе наўзамен якія-небудзь абавязацельствы.

Мая Райтэн-Столь прыляцела ў Мінск для юрыдычнай дапамогі ізраільскаму бізнесмену. Пры ёй знайшлі лекавую канаплю. Жанчына тлумачыла, што гэты сродак неабходны ёй для медыцынскіх мэтаў, паказвала дазвол. Аднак у Беларусі гэтыя дакументы не маюць моцы, яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. 27 снежня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла аб тэлефоннай размове беларускага кіраўніка з прэзідэнтам Ізраіля Герцагам, падчас якой абмяркоўваліся "гуманітарныя пытанні", а 30 снежня стала вядома аб вызваленні ізраільскай грамадзянкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі