Першы "беларуска-расійскі самалёт" збіраюцца выпусціць у 2026 годзе

Самалёт невялікі, 19-мясцовы (ілюстрацыйнае фота)

Самалёт невялікі, 19-мясцовы (ілюстрацыйнае фота) / vedomosti.ru

Першы "беларуска-расійскі самалёт" збіраюцца выпусціць у 2026 годзе. Пра гэта распавёў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык.

Міжурадавае пагадненне аб распрацоўцы і вытворчасці двухрухавіковага лёгкага шматмэтавага самалёта "Асвей" было падпісана ў красавіку сёлета. Вырабляць яго збіраюцца ў Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе. "Задача стаіць, каб у 2026 годзе ў нас першы вопытны ўзор, распрацаваны сумесна з нашымі расійскімі партнёрамі, быў выраблены", — кажа Пархомчык. А пакуль ідзе яго распрацоўка.

Плануецца, што будзе выраблена 180 самалётаў "Асвей". РФ замовіла Беларусі 50% з іх (90). Каб іх вырабіць, спатрэбіцца некалькі гадоў. Самалёт невялікі, 19-мясцовы, адзначыў намеснік прэм'ера. Ён можа несці да 2 тон грузу.

Пётр Пархомчык паведаміў, што у Беларусь "паступае вельмі вялікая колькасць прапаноў з Расійскай Федэрацыі па вытворчасці вялікай колькасці кампанентаў для авіяцыі". У гэтым праекце задзейнічаны 407-ы авіярамонтны завод у Мінску. Там "неабходна ў бліжэйшы час стварыць пэўныя вытворчыя магутнасці для таго, каб вырашаць вось гэтую вельмі складаную задачу". Збіраюцца павялічыць магутнасці завода і ў Баранавічах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі