“Перспектыва” атрымала папярэджанне Мінюсту
Пісьмовае папярэджанне грамадскаму аб’яднанню вынеслі за парушэнне патрабаванняў закона “Аб масавых мерапрыемствах”.
У прыватнасці, Мінюст устанавіў, што „старшынёй „Перспектывы“ Шумчанкам на тэрыторыі Гандлёвага дома „Ждановічы“ каля будынка „Мір моды — 1“ было арганізавана несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”.
У міністэрстве адзначаюць, што „дакументы аб правядзенні масавага мерапрыемства ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган не падаваліся”. Гэта і палічылі парушэннем заканадаўства.
Міністэрства юстыцыі таксама папярэджвае “Перспектыву”, што ў выпадку паўторнага цягам года парушэння заканадаўства ці ўласнага статута дзейнасць аб’яднання могуць прыпыніць ці нават ліквідаваць яго.
Як сказаў у інтэрв’ю БелаПАН лідар “Перспектывы” Анатоль Шумчанка лічыць, улады перастрахаваліся перад магчымым правядзеннем 15 ліпеня маршу пратэсту прадпрымальнікаў, заяўка на які была адклікана. Таксама гэта рэакцыя ўлад на мерапрыемствы, якія аб’днанне арганізуе ў абарону прадпрымальнікаў.
Шумчанка падкрэсліў, што “Перспектыва” “бярэ пад увагу рашэнне Мінюста, але яно ніяк не адаб’ецца на далейшай дзейнасці арганізацыі”.
Нагадаем, 27 чэрвеня Шумчанка быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска на пяць сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю несанкцыянаванага сходу. У той дзень на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі прайшоў аднадзённы страйк прадпрымальнікаў, якія выступаюць супраць увядзення з 1 ліпеня тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці”.