Піца, ікона і Нікас Сафронаў: самыя недарэчныя партрэты Лукашэнкі
Мінская студэнтка Надзея Маціеўская намалявала партрэт Аляксандра Лукашэнкі… грудзьмі. Партрэт набылі ўжо праз гадзіну пасля таго, як мастачка выклала яго выяву ў “Інстаграм”. Кошт “груднога” кіраўніка краіны Маціеўская публічна не агучыла.
"Ніякай палітычнай нагрузкі ён не нясе, — кажа мастачка. — Падумала: чаму б не напісаць штосьці смелае? Наогул, вельмі цікава маляваць партрэты старых людзей — маршчыны, аб’ём паказваць".
Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю ўжо 25 гадоў, таму не дзіва, што ён неаднаразова станавіўся музай для творцаў розных пакаленняў. Еўрарадыё згадвае самыя арыгінальныя партрэты Лукашэнкі, створаныя пэндзлем і не толькі.
“Грашовы” Лукашэнка
Карціны Марка Раманюка каштавалі яму кіпу грошай. Што праўда, гаворка пра “старыя” беларускія рублі. Менавіта пераддэнамінацыйныя банкноты з’яўляюцца для школьнага настаўніка англійскай мовы з Мінска галоўным матэрыялам для яго работ. Сярод “грашовых гербарыяў” і кіраўнік краіны. На яго карціну аўтар выдаткаваў амаль 250 купюр: у асноўным старыя пяцідзясяткі, пяцісоткі і тысячы.
Лукашэнка-піца
Гродзенскія кулінары браты Павел і Валер Максімчыкі летась прыцягнулі ўвагу да свайго піцатрака тым, што робяць на піцах партрэты знакамітасцяў. Трапіла на аснову з цеста і выява Лукашэнкі. Дарэчы, яго так ніхто і не з’еў — хоць ён і быў ядомы, але яго замарозілі і захавалі ў якасці сувеніра.
Лукашэнка, створаны са слоў Лукашэнкі
На сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі і калектывамі дзяржаўных СМІ кіраўніку дзяржавы падарылі партрэт, створаны з яго слоў.
Уручыў падарунак старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. Лукашэнка, прымаючы падарунак, пакакетнічаў: "Калі са слоў, то добра. Хоць партрэты ў свой адрас я вельмі дрэнна ўспрымаю. Але са слоў — гэта цікава. Няўжо я столькі нагаварыў?"
Лукашэнка ў вобразе Францыска Скарыны
Партрэт Лукашэнкі ў строі Францыска Скарыны ў 2013 годзе прадставіў у Брэсце Нікас Сафронаў. Эпатажны расійскі мастак сціпла адзначыў, што гэта зборны вобраз кіраўніка Беларусі.
У 2006 годзе на трэцім Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка сказаў наступнае: “Чаго мы саромімся? Скарына быў не толькі беларус, ён жыў і ў Піцеры і тварыў там, расіяне з гонарам пра яго кажуць”.
Магчыма, Сафронаў такім чынам хацеў патроліць Лукашэнку за яго словы пра “піцерскі перыяд” Скарыны, які жыў за два стагоддзі да заснавання Пецярбурга. Нават калі гэта і так, то сцёб дакладна не зразумеў тагачасны кіраўнік Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар. На загад чыноўніка карціну знялі з выставы і ў якасці падарунка накіравалі герою партрэта.
Лукашэнка на фрэсцы ў царкве
А вось беларускі мастак Алесь Пушкін у сваей працы больш прамалінейны: распісваючы Мікалаеўскую царкву ў пасёлку Бобр Крупскага раёна, ён змясціў Лукашэнку і некаторых ягоных падначаленых у кампанію грэшнікаў. На загад БПЦ фрэску ў 2005 годзе зафарбавалі. Аднавіць з-пад слоя фарбы сцэну Страшнага суда не атрымаецца: у 2011-м храм згарэў.
Лукашэнка з Колем паміж Машэравым і Міндоўгам
Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем сталі героямі трыптыха “Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў” Аляксея Панцюка-Жукоўскага. Яны знаходзяцца паміж галоўным сакратаром ЦК Кампартыі БССР Пятром Машэравым і князем Міндоўгам. У 2017 годзе экспертны савет не дапусціў гэты твор на выставу партрэтаў “Псіхалогія вобраза”, якая праходзіла ў сталічным Палацы мастацтва.
У Панцюка-Жукоўскага гэтае рашэнне выклікала абурэнне: “Мне нічога не казалі пра творчыя, мастацкія аспекты. Як напісаны работы, дзе памылкі, што выправіць, каб іх палепшыць. Запытваліся: а працу бачылі зверху? Хто табе дазволіў маляваць першую асобу ў дзяржаве? Ты народны мастак, табе замовілі гэтую работу?”
На пытанне журналістаў, чаму на карціне намаляваны сын дзейнага прэзідэнта, мастак сказаў, што гэта не Мікалай, а “мастацкі вобраз маладой Беларусі”.
Лукашэнка з німбам як частка гісторыка-культурнай каштоўнасці
Хіба адна з самых ранніх трэшовых выяў Лукашэнкі ў мастацтве — з німбам на “Габелене стагоддзя”. Яго стварыў мастак Аляксандр Кішчанка ў 1995 годзе. Кіраўнік Беларусі знаходзіцца сярод “80 найвялікшых дзеячаў свету”. Працаваць над габеленам Кішчанка пачаў з 1991 года. Паводле слоў аўтара, месца было пакінутае не канкрэтна пад Лукашэнку, а пад таго, хто стане прэзідэнтам Беларусі ў 1994 годзе.
За гэту работу Аляксандру Кішчанку была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі, а само палатно было прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння. У 1999 годзе габелен уключаны ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі ў свеце — як-ніяк 300 квадратных метраў адборнай воўны!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.