Планку пенсійнага ўзросту павысяць і вайскоўцам, і дзяржслужбоўцам
Павышэнне пенсійнага парогу закране і вайскоўцаў, і дзяржаўных службоўцаў. Пра гэта заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мар'яна Шчоткіна пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.
Па словах міністра, якія перадае БЕЛТА, на нарадзе вырашана, што павышэнне пенсійнага ўзросту павінна датычыць абсалютна ўсіх. "Гэта значыць крок па паўгода з 1 студзеня 2017 года будзе датычыць і грамадзянскае насельніцтва, і вайскоўцаў, і дзяржаўных службоўцаў. Калі разглядаць ільготныя пенсіі, то ўсе правілы выхаду застануцца ранейшымі, але планка на права атрымання датэрміновай пенсіі таксама са усімі разам будзе павышацца", — заявіла чыноўніца.
Шчоткіна паведаміла, што захаваецца і дадатковая гарантыя для людзей перадпенсійнага ўзросту ад звальнення. Акрамя таго, па яе словах, застануцца гарантыі заканадаўства жанчынам на асаблівую абароненасць з боку дзяржавы.
Пенсійнае страхаванне, па словах міністра, захаваецца на добраахвотнай аснове. "Мы не будзем на дадзеным этапе і наогул у бліжэйшай перспектыве пераходзіць на абавязковае, але добраахвотнае павінна актыўна развівацца і даваць істотную прыбаўку да пенсій", — паведаміла Шчоткіна.