Плата міліцыі падчас масавых мерапрыемстваў: закон ці палітычная дубіна?
Былы старшыня Канстытуцыйнага суда і генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч пракаментаваў Еўрарадыё адмову арганізатараў “Чарнобыльскага шляху—2019” ад традыцыйнага шэсця. Гэта выклікана нежаданнем аргкамітэта плаціць за паслугі міліцыі падчас шэсця амаль 6 тысяч рублёў. У выніку ўпершыню за 30 гадоў у Мінску не будзе "Чарнобыльскага шляху".
Рыгор Васілевіч лічыць, што працу міліцыі падчас масавых мерапрыемстваў можна ацэньваць матэрыяльна. На яго думку, Беларусь пераходзіць на рыначныя ўмовы, таму няма нічога дзіўнага, калі за паслугі міліцыі трэба плаціць.
“Нюансаў шмат, але, думаю, што можна ацаніць, — распавёў Еўрарадыё Рыгор Васілевіч. — Рэалізацыя правоў аднаго чалавека не павінна парушаць правы іншых”.
З другога боку, кажа экс-старшыня КС, чыноўнікі павінны больш актыўна тлумачыць грамадзянам патрабаванні заканадаўства: “Ёсць спецыялісты ў органах улады, якія павінны выказацца на дадзеныя пытанні, а не сядзець ціхенька ў кабінетах і там праяўляць сваю смеласць”.
На тое, што аплата міліцэйскіх паслуг выглядае як палітычная дубіна для актывістаў, Рыгор Васілевіч адказаў:
“Калі ўсё згодна з законадаўствам, дык ты выйдзі на экраны, у электронныя СМІ і праясні пазіцыю, як правільна. Калі ласка, наперад на амбразуры, наперад на міны. Тым чыноўнікам я гавару, якія даўно засядзеліся ў кабінетах”.
Як паведамляла Еўрарадыё, шэсце на “Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка не адбудзецца. Арганізатары мітынгу адмовілся плаціць за паслугі міліцыі, бо палічылі гэта парушэннем сваіх канстытуцыйных правоў.
Больш падзей 25 красавіка ў праграме "Еўразум"