Playboy i SpaceX адмовіліся ад Facebook. Хто наступны?

Playboy i SpaceX адмовіліся ад Facebook. Хто наступны?

Афіцыйная старонка заснавальніка кампаніі SpaceX Iлана Маска налічвала 2,7 мільёна падпісчыкаў, кампанія Playboy Enterprises праз розныя свае старонкі ў Facebook мела 25 мільёнаў прыхільнікаў — гэтыя лічбы не спынілі карпарацыі ліквідаваць свае акаўнты. Прычына — скандал вакол магчымай уцечкі асабістых дадзеных у Facebook.

Як патлумачыў у інтэрв’ю The Guardian былы супрацоўнік Cambridge Аnalytica Крыс Уайлі, за 2-3 месяцы Cambridge Аnalytica сабрала дадзеныя і псіхалагічныя паводзіны 50–60 млн карыстальнікаў. Іх прылады маглі адсочваць не толькі лайкі ці абнаўленні профільнай інфармацыі, але мелі доступ да прыватнай перапіскі. Таксама маглі прааналізаваць псіхалагічны партрэт спажыўца.

Faceboook працягвае адмоўчвацца. Пакуль сацсетка спыніла працэс праверкі прылад, верагодна, уводзіць новыя змены. Карыстальнікі змогуць бачыць інфармацыю, якую прылада пра іх збірае і пры неабходнасці карыстальнік зможа яе выдаліць.

Праблемы Марка Цукерберга не заканчваюцца, кангрэсмены працягваюць казаць пра тое, што заснавальнік кампаніі Facebook “згубіў кантроль над сваёй старонкай”. Федэральная гандлёвая камісія ЗША настойвае на правядзенні расследавання ў дачыненні да інтэрнэт-гіганта, пра аналагічныя захады кажуць і ў Еўракамісіі.

У Вялікабрытаніі — парламенцкая камісія, якая займаецца расследаваннем фэйкавых навін, кажа, што ўцечка асабістых дадзеных карыстальнікаў магла паўплываць на вынікі “Брэкзіту”. На слуханнях у брытанскім парламенце Крыс Уайлі расказаў, што Cambridge Analytica мела не толькі ўплыў на амерыканскія ды чэшскія выбары ці выхад Вялікабрытаніі з ЕС, але і на дэстабілізацыю палітычнай сітуацыі ў Нігерыі, і нават вяла перамовы з расійскім “Лукойлам”.

Нагадаем, што першай рэакцыяй Цукерберга быў пост, які ён апублікаваў толькі на пяты дзень пасля пачатку скандалу. У посце Марк Цукерберг тлумачыць сітуацыю вакол супрацоўніка кампаніі, даследчыка цэнтра Cambridge Analytica, Аляксандра Когана, які ў 2013 годзе стварыў адмысловую праграму “personality quiz”, праз якую меў доступ да дзясяткаў мільёнаў дадзеных сваіх сяброў.

Толькі ў 2015 годзе кампанія Facebook ад журналістаў The Guardian даведалася, што іх супрацоўнік падзяліўся дадзенымі са сваёй прылады з Cambridge Аnalytica. Па словах Марка Цукерберга, кампанія адразу запатрабавала ад Cambridge Analytica выдаліць дадзеныя, якія яны атрымалі незаконна. І вось праз час зноў ад журналістаў стала вядома, што Cambrige Analityca не датрымала слова.

Самае залайканае пытанне да Цукерберга задае Дэвід Кіркпатрык: “Дзякуй, што нешта напісалі, але як кіраўнік кампаніі, якая мае дадзеныя 2,2 мільярда чалавек, вы не павіны хавацца за пастом у Facebook, многія з нас занепакоеныя, што дэмакратыя пад ударам у глабальным маштабе”.

Марк адкаменціў коратка: “Неўзабаве я дам інтэрв’ю CNN”. І сапраўды даў, аднак таксама даволі кароткае, у якім прабачыўся за тое, што адбылося, і зноў паабяцаў зрабіць працэс празрыстым і выправіць сітуацыю.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі