Польшча ўвяла "асаблівыя меры" для выдачы гуманітарных віз беларусам у Грузіі
Улады Грузіі адмовіліся ад інтэграцыі з ЕС і падаўляюць пратэсты
Польшча ўкараніла "асаблівыя меры" для выдачы гуманітарных віз беларусам у Грузіі. Пра гэта стала вядома з ліста намесніцы міністра замежных спраў Польшчы Хенрыкі Машчыцкай-Дэндыс, які атрымаў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Раней ён звяртаўся ў польскі МЗС з просьбай аб садзейнічанні пры звароце ў выдачы гуманітарных польскіх віз беларусам у Грузіі.
У адказе адзначаецца, што "грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, маюць права падаць заяўку на польскую візу толькі на падставе самога факту знаходжання на тэрыторыі Грузіі (на працягу не менш за 6 месяцаў) без неабходнасці легалізацыі свайго знаходжання". Падкрэсліваецца, што згаданыя "асаблівыя меры" ўведзены "для аператыўнай выдачы гуманітарных віз членам беларускай апазіцыі ў сувязі з сітуацыяй у Грузіі, а таксама для бягучага абслугоўвання грамадзян Беларусі, уцягнутых у прадэмакратычную дзейнасць і якія імкнуцца ўехаць у ЕС".
"Мы ўдзячныя польскім уладам за садзейнічанне грамадзянам Беларусі, якія пераследуюцца рэжымам Лукашэнкі, — піша Латушка. — Важна, каб беларусы маглі разлічваць на атрыманне польскай візы, асабліва ў выпадках, калі яны падвяргаюцца палітычным пераследам з боку рэжыму Лукашэнкі, і іх жыццю пагражае рэальная небяспека".
Як вядома, улады Грузіі адмовіліся ад інтэграцыі з ЕС і жорстка падаўляюць пратэсты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.