Палітолагі: Сустрэча ў Астане гэта спроба зняць супярэчнасці
Казахстанскі і беларускі палітолагі тлумачаць, навошта спатрэбілася такая сустрэча, і чаму на ёй не было падпісана ніякіх дакументаў.
У пятніцу, 20 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Астане з прэзідэнтамі Казахстана і Расіі Нурсултанам Назарбаевым і Уладзімірам Пуціным. Расійскае выданне “Камерсант” піша, што паводле яго дадзеных, падчас сустрэчы за зачыненымі дзвярыма размова ішла пра цяжкасці, з якімі сутыкнуўся Еўразійскі эканамічны саюз: зніжэнне коштаў на нафту, падзенне курса расійскага рубля і заходнія санкцыі ў дачыненні да Расіі.
Выданне піша, што лідары, відавочна, зразумелі, што глабальныя супярэчнасці вырашаць падчас сустрэчы будзе цяжка, і таму Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што так, супярэчнасці паміж краінамі ёсць, але займацца імі будуць ва ўрадах, а прэзідэнты потым яшчэ раз сустрэнуцца 8 траўня ў Маскве.
Казахскі палітолаг і аналітык Жан Кашарбаеў мяркуе, што падчас сустрэчы гаворка вялася на супярэчлівыя тэмы. Пуцін фарсіраваў пытанне аб ўвядзенні адзінай валюты, хоць кансенсусу на гэты конт няма. У Казахстане да гэтай тэмы ставяцца скептычна.
Закраналіся і пытанні Украіны. Эксперт таксама адзначае, што сустрэча была дэманстрацыяй падтрымкі Назарбаева, які ўдзельнічае ў датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах, што пройдуць у Казахстане 26 красавіка.
“Мне здаецца, што гэта сустрэча не накіраваная на тое, каб вырашаць практычныя пытанні. Гэта, хутчэй, такая дэманстрацыя таго, што інтэграцыйныя працэсы ў Еўразійскім саюзе прасоўваюцца, што мы маем адзінства, што нашы пазіцыі супадаюць у знешняй палітыцы, у тым ліку, па Украіне”.
Беларускі палітолаг Юрый Шаўцоў таксама мяркуе, што галоўная прычына сустрэчы — гэта рэальная неабходнасць “зверыць гадзіннікі” ў святле падзеяў, што адбываюцца вакол Украіны. Міжнародная сітуацыя, у якой апынулася Расія, так ці інакш тычыцца і яе саюзнікаў. Таму такая сустрэча была неабходная.
“Той ціск, які аказвае Захад на Расію, за яе палітыку ў дачыненні да Украіны, гэты ціск ставіць пад пытанне існаванне ўсяго працэсу Еўразійскай інтэграцыі”, — мяркуе беларускі палітолаг.
Ён адзначае, што Беларусь адмовілася ўводзіць санкцыі супраць тых краін, супраць якіх увяла іх Расія. Беларусь з Казахстанам занялі не такую, як Расія, пазіцыю адносна Украіны. Таму пагроза замаруджвання еўразійскай інтэграцыі істотная.
Шаўцоў таксама мяркуе, што тэма адзінай валюты ўздымаецца час ад часу. Але той факт, што яна ўзнятая Расіяй менавіта цяпер, варта разглядаць, як дыпламатычны жэст, які падкрэслівае, што еўразійская інтэграцыя не запавольваецца, а наадварот, нягледзячы на ціск Захаду на Расію, бліжэйшыя саюзнікі пераходзяць да абмеркавання яшчэ больш істотных тэм па збліжэнні, чым было раней.
“Беларусь і Казахстан не хочуць страчваць кантроль над сваімі фінансавымі сістэмамі. Таму, мне здаецца, перамовы на гэтую тэму будуць цягнуцца яшчэ доўга. Лёгкага рашэння тут быць не можа”.
Некаторыя СМІ пішуць пра тое, што сустрэча праводзілася, каб кансалідаваць удзельнікаў саюза, бо за апошні час між імі з’явілася вельмі шмат палітычных і эканамічных супярэчнасцяў.
Казахстанскае выданне kursiv.kz прыводзіць словы тамтэйшага палітыка Аміржана Касанава, які сцвярджае, што нягледзячы на фармальную парытэтнасць і заявы аб раўнапраўных адносінах у саюзе, Расія ў сілу розных прычын становіцца яго вядучым удзельнікам. Практыка паказвае, што з Крамля раздаюцца розныя ініцыятывы, якія могуць несці шкоду інтарэсам іншых краін-удзельніц. І Астана, і Мінск пакуль захоўваюць карэктнасць. Хоць, калі зыходзіць з прынцыпу вяршэнства нацыянальных інтарэсаў, трэба навучыцца даваць дакладныя адказы на неадназначныя заявы, падкрэсліў палітык.
Фота: rbc.ru, strana.lenta.ru