Прадстаўнік Беларусі правёў кансультацыі з Дзярждэпам ЗША
Яны прайшлі ў Вашынгтоне 21 чэрвеня.
Як паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі, начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС нашай краіны Юрый Амбразевіч правёў кансультацыі з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамента. У сустрэчах прыняў удзел часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка.
Амбразевіч абмяняўся з кіраўнікамі профільных падраздзяленняў Дзярждэпа інфармацыяй "аб прыярытэтах бакоў на будучай сесіі Генеральнай асамблеі ААН", азнаёміў з ініцыятывамі Беларусі ў міжнародным шматбаковым супрацоўніцтве і "прапанаваў амерыканскаму боку магчымыя накірункі ўзаемадзеяння ў мэтах вырашэння шэрагу міжнародных праблем".
Былі абмеркаваны бягучыя пытанні працы Беларусі і ЗША ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях, а таксама пытанні двухбаковага парадку дня, якія датычацца інтарэсаў Беларусі і ЗША на шматбаковых форумах.