Пракуратура прыпыніла дзейнасць суполкі незалежнага прафсаюза на "Гродна Азоце"
Улады Беларусі працягваюць "зачыстку" незалежных прафсаюзаў. Як паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці, па пастанове пракурора прыпынена дзейнасць першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза працаўнікоў "Гродна Азота". Праз суд яе збіраюцца прызнаць "экстрэмісцкай", з забаронай дзейнасці і ліквідацыяй.
Як абгрунтоўвае свае дзеянні пракуратура? Яна правяла праверку, "падчас якой атрымала даныя, што сведчаць аб экстрэмісцкай дзейнасці першаснай арганізацыі". Згадваецца чат у Telegram, які праз суд быў прызнаны "экстрэмісцкім". Сцвярджаецца, што яго ўдзельнікамі якраз былі прафсаюзныя актывісты. Іх таксама абвінавачваюць "у спробе арганізаваць на прадпрыемстве забастоўку выключна ў палітычных мэтах".
Справу аб прызнанні першаснай прафсаюзнай арганізацыі "экстрэмісцкай" будзе разглядаць Гродзенскі абласны суд.
Нядаўна ў офісах незалежных прафсаюзаў у Беларусі прайшлі ператрусы, былі затрыманні іх кіраўнікоў і актывістаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.