Прамая лінія з Шорцам: Вось у ЕС і спытайце, чаму ў іх танна ў кавярнях

У сераду, 17 снежня, за 40 хвілін карэспандэнт Еўрарадыё здолеў датэлефанавацца на прамую лінію з новым кіраўніком Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам. Але з чыноўнікам не злучылі, давялося размаўляць з жанчынай, якая не назвалася і не здолела адказаць, чаму кошты ў мінскіх кавярнях удвая вышэйшыя, чым у некаторых краінах ЕС:

“Дзяржава не рэгулюе кошты ва ўсіх кавярнях. А наконт краін ЕС, дык звярніцеся да іх і спытайце, чаму ў іх не так, як у нас".

Для параўнання кава ў цэнтры партугальскага Лісабона каштуе 0,75 еўра, бутэлька піва — ад 1 да 2 еўра, паабедаць — каля 4 еўра. Кава ў мінскай “Сталіцы” каля 20 тысяч рублёў, піва 35 тысяч.

На другое пытанне, датычна пешаходнай вуліцы ў Мінску, невядомая супрацоўніца Мінгарвыканкама таксама не здолела даць адказ. Сказала толькі: “Гэтае пытанне разглядаецца”. Не абазначыўшы тэрмінаў.

Прыкметна, што адразу пасля прызначэння новы кіраўнік Андрэй Шорац абяцаў “больш адкрытую палітыку Мінгарвыканкама для грамадзян”. Пры гэтым на прамой лініі пагаварыць з ім немагчыма.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі