Прашу вылічыць:прадпрыемства ў Лепелі хоча вярнуць павышэнне заробкаў за 2 гады?

Заява з просьбай вылічыць "лішнія" даходы / Еўрарадыё 
Заява з просьбай вылічыць "лішнія" даходы / Еўрарадыё 

На камунальным прадпрыемстве "Бароўка" ў Лепелі работнікам прапануюць запоўніць бланкі заяў, дзе гаворыцца, што сам работнік просіць вылічыць са студзеньскага заробку "залішне налічаныя сумы індэксацыі" за 2018–2020 гады. Фота дакумента даслаў чытач Еўрарадыё.

Крыніца адзначае, што на прадпрыемстве просяць запоўніць толькі асабістыя звесткі, а графу "сума" пакінуць пустой. Сам жа дакумент аформлены як заява з боку работніка. Але хто пры сваім розуме будзе прасіць вылічыць у яго частку заробку, атрыманага тры гады таму?

Індэксацыя заробкаў — іх змена (звычайна павышэнне) для таго, каб яны не адставалі ад росту цэн на тавары і паслугі. Што ж атрымліваецца — цэны ў Беларусі з году ў год раслі, а грошы, якімі гэта кампенсавалася, цяпер трэба вяртаць?

Дырэктар КУВП "Бароўка" Андрэй Балотнік катэгарычна гэта адмаўляе.

— Працуем у штатным рэжыме, — адразае ён, калі мы просім пракаментаваць дакумент.

"Прошу удержать":предприятие в Лепеле хочет вернуть повышение зарплат за 2 года?
КУВП "Бароўка" / borovkajkx.by

Еўрарадыё разабралася, што рабіць, калі работніку ўсё ж прапануюць запоўніць такую заяву, і ў якіх выпадках гэта законна.

 

"Гэта нейкая хітрасць"

 

Юрыстка Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова адзначае, што, згодна з часткай трэцяй артыкула 107 Працоўнага кодэкса, залішне выплачаная заработная плата не можа быць спагнаная з работніка ў тым ліку пры няправільным ужыванні закона. Выключэнне — падліковая памылка.

— Канкрэтнага азначэння падліковай памылкі заканадаўствам не дадзена. Аднак зыходзячы з сутнасці паняцця падліковай памылкі можна выказаць здагадку, што такая памылка — гэта тэхнічная памылка, гэта значыць апіска, памылка друку, пропуск або паўторны ўвод звестак, арыфметычная памылка пры падвядзенні вынікаў, недакладнае акругленне (пункт 3 Інструкцыі аб парадку ўнясення выпраўленняў у бухгалтарскі ўлік у выпадку выяўлення памылак, зацверджанай пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2005 года №83).

Юрыстка адзначае, што няправільна налічаная індэксацыя — гэта няправільнае прымяненне закона. Таму падобнае спагнанне і прымус да яго работніка з'яўляецца незаконным.

— Наогул упершыню пра такое чую. Гэта нейкая хітрасць. Па Грамадзянскім кодэксе, калі ўзнікае спрэчнае пытанне ва ўзаемаадносінах паміж юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, акрамя выплаты падаткаў, дзе няма тэрмінаў даўнасці, тэрмін даўнасці — год. А тут у 2018 годзе налічылі, а ў 2021 годзе будуць спаганяць? Гэта трызненне, — падкрэслівае Алена Яськова.

 

Што рабіць?

 

Эксперт кажа, што падпісваць падобныя заявы не трэба. Таксама можна звярнуцца па дапамогу ў мясцовы прафсаюз ці паскардзіцца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Кіраўнік Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук звяртае ўвагу на тое, што заява выкладзена ў выглядзе просьбы.

— Гэта значыць, яна носіць добраахвотны характар. Гэта паказвае на тое, што прававых падстаў пад гэтай просьбай або патрабаваннем у адміністрацыі [прадпрыемства. — Еўрарадыё] няма. Рабочыя маюць усе падставы адмовіць. Ніякай віны работнікаў у тым, што налічана залішняя індэксацыя, няма, — робіць выснову Аляксандр Ярашук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі