Праўладны саюз пісьменнікаў "піярыцца" за кошт канкурэнтаў
На Мінскай міжнароднай кніжнай выставе Саюз пісьменнікаў Беларусі выставіў кнігі са збору твораў Васіля Быкава.
Выданнем збору займаецца неафіцыйны Саюз беларускіх пісьменнікаў. Да таго ж, у гэты неафіцыйны творчы саюз уваходзіў і сам Народны пісьменнік.
Кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч у каментары Еўрарадыё адзначыў, што гэта не першы выпадак, калі афіцыйная арганізацыя карыстаецца набыткамі іншага саюза.
Пятровіч: "Спачатку яны забралі нашую назву — да 1995 года мы называліся "Саюз пісьменнікаў Беларусі". Потым забралі наш Дом (маецца на ўвазе Дом літаратара. — Еўрарадыё.). Цяпер збіраюцца святкаваць 80-годдзе нашай арганізацыі, што дзіўна для саюза, утворанага ў 2006 годзе. Вось, нарэшце, сталі карыстацца і нашымі выданнямі".
Праўда, ніякіх захадаў Саюз беларускіх пісьменнікаў рабіць не збіраецца. На думку Пятровіча, дастаткова таго, што скандал набудзе агалоску.
Дарэчы, на выставе стаяць першыя тамы збору твораў Васіля Быкава. У іх увайшлі творы, напісаныя напрыканцы жыцця пісьменніка — у тым ліку "Прыпавесці" і вырана апазіцыйная аповесць "Афганец".
Фота — lit-bel.org