Праваабаронца з Крыма: Выйсці на вуліцу ў вышыванцы — самазабойства

Даведка Еўрарадыё: Рычард Сідней — кіраўнік праваабарончага цэнтра ў Сімферопалі, займаецца маніторынгам сітуацыі “ў месцах несвабоды” — турмах, СІЗА, дамах для інвалідаў і дзіцячых дамах. Да рэферэндуму 16 сакавіка меў “Грамадскую прыёмную”, дзе кожны мог атрымаць юрыдычную кансультацыю і прававую дапамогу.

Еўрарадыё: Як змяніліся ўмовы працы праваабаронцаў пасля прыходу ў Крым новай улады і далучэння яго да Расіі?

Рычард Сідней: Падчас Еўрамайдану ўсе мясцовыя праваабаронцы адсунулі на другі план свае ранейшыя праекты і займаліся найперш гэтым: свабода сходаў і мітынгаў, правамернасць правядзення рэферэндуму аб далучэнні да Расіі і гэтак далей. Адпаведна, гэта выклікала вялікую незадаволенасць новых уладаў. І адразу пасля 16 сакавіка пераважная большасць праваабаронцаў была вымушаная выехаць з Крыма — імгненна пачаўся пераслед, цкаванні найперш з боку самаабароны. А вы бачылі гэтых з самаабароны? Гэта такія “вяршкі грамадства”! І гэтым людзям раздалі зброю. Я таксама ўжо збіраўся пераехаць у Херсон, але затрымаўся, бо хацеў закончыць адзін праект, які павінен быў выкрыць шмат нядобрага пра мясцовыя ўлады і ўвогуле пра тое, што адбывалася ў Крыме ад пачатку Майдану і заканчваючы рэферэндумам. Але дарабіць справу і з’ехаць, як запланаваў, мне не далі — зламалі фізічна.

Еўрарадыё: Што гэта значыць?

Рычард Сідней: Мяне выкінулі з такога парапету накшталт даху, я зламаў таз у трох месцаў і ў выніку амаль тры месяцы правёў у шпіталі. Прыходзіла паліцыя і наўпрост сказала, што ніхто нікога шукаць не будзе, па факце і не знойдзе, і лепш мне прамаўчаць. А сам я як каго магу ідэнтыфікаваць? Няхай нават гэта былі людзі ў форме самаабароны… Дый увага ФСБ жадання нечага дабівацца не дадае. На майго намесніка фээсбэшнікі канкрэтна палявалі, і ён быў вымушаны з’ехаць за мяжу. Я сам цяпер жыву не па прапісцы, з’ехаў за горад і стараюся не высоўвацца, а ціха дарабіць свой праект і з’ехаць. Бо працаваць стала немагчыма. Нават у тых людзей, якія мне раней шмат дапамагалі, неяк раптоўна змяніўся менталітэт, яны сталі цалкам прарасійскімі і кажуць, што мы амерыканскія шпіёны. І нават тыя, каму мы дапамагалі, сталі вельмі агрэсіўнымі: у галаве толькі Расія, “крымнаш” і наўкол ворагі.

Еўрарадыё: Наколькі такія настроі масавыя?

Рычард Сідней: Калі вы паспрабуеце выйсці на вуліцу з невялічкай жоўта-блакітнай стужкай на руцэ — вас самі людзі закідаюць камянямі. А выйсці ў вышыванцы — гэта ўвогуле самазабойства. Паспрабуеш у горадзе загаварыць па-ўкраінску — калі не самі людзі, то самаабарона абавязкова затрымае.

Еўрарадыё: На якой падставе? Ну, затрымалі і што прад’явяць?

Рычард Сідней: А нічога і прад’яўляць не будуць! Проста адвядуць у РАУС ці ў ваенкамат і абвесцяць, што, маўляў, “затрымалі бандэраўца, які прыехаў нас забіваць, есці нашых дзяцей, кідаць фосфарныя бомбы, збіваць самалёты!” І ўсе толькі ўхваляць гэтае затрыманне. І чым яно можа скончыцца, прадказаць немагчыма.

Еўрарадыё: Адкуль у людзей у Крыме такая нянавісць да ўкраінскай сімволікі і ўсяго ўкраінскага?

Рычард Сідней: Нават не ведаю. Заўжды стаўленне да дзяржаўнай сімволікі ў крымчан было нармальным. І нават калі адсюль ехалі цэлыя цягнікі ў падтрымку Антымайдану, ехалі яны пад жоўта-блакітнымі сцягамі. І людзі ехалі ў тых жа вышыванках. І нармальна гэта ўспрымалася. Але менавіта момант рэферэндуму зрабіў патрыётаў Украіны патрыётамі Расіі. Не ведаю, як і чаму гэта адбылося і пра што гэтыя людзі думаюць. А калі заўтра сюды прыйдзе Турцыя, яны пачнуць махаць турэцкімі сцягамі і крычаць : “Крым турэцкі”? А як зразумець вайскоўцаў, якія давалі прысягу на вернасць украінскаму народу, а потым прысягаюць народу расійскаму?

Еўрарадыё: З такім стаўленнем у Крыме не застанецца ніводнага праваабаронцы!

Рычард Сідней: А на каго траціць сваю энергію, жыццё і здароўе? Калі людзям самім падабаецца ў гэтым і з гэтым жыць, то няхай жывуць. Самі людзі так заангажаваныя гэтай сітуацыяй, што ім у радасць будзе стаяць у чэргах, даваць хабар, вярнуцца да савецкага бюракратычнага апарату. Відаць, яны па гэтым засумавалі. Калі ў астатняй Украіне маладое пакаленне больш сучаснае і развітае, то тут нават моладзь жыве мінулым. Сэнс траціць сябе на тое, каб змагацца з тым, што людзям у радасць, спрабаваць іх у нечым пераўпэўніць? Людзям нешта тлумачыш з дапамогай фактаў, а яны паглядзяць тэлевізар і ўсё, бессэнсоўна нешта даказваць.

Еўрарадыё: Пішуць пра розныя бытавыя праблемы ў Крыме з прадуктамі, вадой — нават гэта не пазбаўляе прарасійскіх настрояў?

Рычард Сідней: Праблем, нейкага недахопу прадуктаў ці вады, чэргаў па хлеб у Крыме няма. Праўда, калі, да прыкладу, пенсіі падымаюць у 2 разы, то цэны на прадукты — у 4 разы. Але ўсе ўпэўненыя, што гэта часовыя праблемы, пераходны перыяд, а хутка ўсё будзе добра. Толькі час ідзе, а ніякага паляпшэння не відаць: дробны і сярэдні бізнес душаць, буйны бізнес, які належаў украінскім алігархам ці дзяржаве, нацыяналізаваны, замежныя прадпрыемствы закрыліся, і людзі засталіся без працы. Сезон адпачынку быў ніякі, 20% ад ранейшага… А людзі ў Крыме ў большасці жывуць за грошы, якія ў сезон зарабілі з адпачывальнікаў. А паколькі цяпер іх была толькі чвэрць ад звычайнага, то зіма будзе яшчэ тая. Усе, канечне, чакаюць, што Расія дапаможа фінансаваннем, што тут будзе другое Сочы, што выканаюць абяцанне і пабудуюць тут крымскі Лас-Вегас, што ён выцягне эканоміку… Не ведаю, чым гэта скончыцца.

Еўрарадыё: А каму адыходзіць нацыяналізаваны бізнес?

Рычард Сідней: Невядома. Але тут як з дамамі крымскіх татар, якія з’ехалі з Крыма: іх нібыта нацыяналізавалі, але цяпер там жыве самаабарона альбо казакі… З казакамі гэтымі ўвогуле цікава: яны прыехалі сюды атрадам у 50 чалавек у свой час, і яны не толькі застаюцца ў Крыме і сёння — ім цэлае поле аддалі пад будаўніцтва дамоў.

Еўрарадыё: Ці небяспечна цяпер адпачывальнікам з той жа Беларусі ехаць у Крым, як з крыміналам на вуліцах?

Рычард Сідней: Небяспекі няма, няма такога, што паўсюль бандыты і бандытызм. І ніхто, апроч самаабароны, з пісталетамі па вуліцы не ходзіць. Не, ёсць тыя, хто рабуе і забівае, але колькасць злачынстваў у параўнанні з ранейшым часам практычна не змянілася.

Еўрарадыё: Ці атрымалі вы расійскі пашпарт? Можна ад гэтага ўхіліцца?

Рычард Сідней: Атрымаў, бо вымушаны быў: без яго немагчыма набыць сімку ў тэлефон, рэзка абрубілі ўкраінскую сувязь, а расійскую сім-картку можна было купіць толькі па расійскім пашпарце. Мне трэба было праходзіць розныя абследаванні ў бальніцы, але з украінскім пашпартам зрабіць гэта немагчыма. І нават на працы ў людзей ўзнікаюць праз гэта праблемы. Нават на прыватных прадпрыемствах: не атрымаў расійскі пашпарт — пішы заяву на звальненне. Не хочаш пісаць — паціху выжываюць з працы.

Еўрарадыё: Прадстаўнік памежнай службы Украіны казаў ў інтэрв’ю Еўрарадыё, што гэта несапраўдныя пашпарты, што іх няма ў міжнародным рэестры…

Рычард Сідней: Сапраўды, гэтыя пашпарты выдадзеныя не міліцыяй, як мусіць быць, а міграцыйнай службай. Прычым шмат у каго ў гэтым дакуменце стаіць крымская прапіска, але месцам выдачы пазначаны Іркуцк ці які Магадан… Але людзі на гэта не зважаюць. Ну, у Расію іх з такімі пашпартамі пускаюць. Але ці пусцяць некуды далей, у Еўропу тую ж? Я свой украінскі пашпарт захаваў і планую тыдні праз два пераязджаць у Херсон. Хоць і вельмі не хочацца — тут радзіма, тут усё такое роднае, але…

Фота: з архіва Рычарда Сіднея

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі