Кіруючая партыя Арменіі можа прагаласаваць за апазіцыянера Пашыняна

Кіруючая партыя Арменіі можа прагаласаваць за апазіцыянера Пашыняна

Фракцыя ў парламенце кіруючай партыі Арменіі (Рэспубліканскай партыі) можа прагаласаваць за апазіцыянера Нікола Пашыняна. 1 траўня парламент, у якім Рэспубліканская партыя мае большасць, не выбраў лідара пратэстаў на пасаду прэм'ера. Наступная спроба — 8 траўня. У выпадку, калі з другой спробы прэм'ер-міністр не будзе абраны, Нацыянальны сход чакае роспуск, будуць прызначаны датэрміновыя парламенцкія выбары.

2 траўня кіраўнік фракцыі Рэспубліканскай партыі Ваграм Багдасаран паведаміў, што рэспубліканцы па-ранейшаму не будуць вылучаць свайго кандыдата ў прэм'еры, а падтрымаюць кандыдата, якога прапануе адна траціна дэпутатаў. А такім кандыдатам будзе якраз апазіцыйны лідар Нікол Пашынян. У сераду ў Ерэване праходзіць шматтысячны мітынг. На ім Пашынян заявіў, што ўжо правёў перамовы з кіраўнікамі невялікіх фракцый і 35 подпісаў дэпутатаў для вылучэння ён мусіць атрымаць. "Заўтра... буду афіцыйна вылучаны на пасаду прэм'ер-міністра", — сказаў апазіцыянер. Ён адзначыў, што рэспубліканцы зрабілі толькі "вусныя заявы" наконт падтрымкі кандыдата адной траціны парламента, трэба пачакаць "канкрэтных крокаў". Таксама Пашынян патлумачыў пазіцыю ўлады: яна спадзявалася, што людзі расчаруюцца і масавасць акцый спадзе, але адбылося наадварот — на вуліцы выйшла яшчэ больш людзей, якія перакрывалі вуліцы і дарогі (далучылася нават група кітайскіх турыстаў), таксама ўдалося захаваць мірны характар пратэстаў і не дапусціць правакацый.

Нікол Пашынян адмяніў усе вулічныя акцыі 3 траўня, прапанаваў іх удзельнікам адпачыць. Аднак заклікаў іх сачыць за яго старонкай у Facebook, каб у выпадку патрэбы правесці імклівую мабілізацыю сіл.

Удзельнікі вулічных пратэстаў у Арменіі ў красавіку дамагліся адстаўкі прэм'ер-міністра і былога прэзідэнта Сержа Саргсяна (у гэтай краіне рэальная ўлада знаходзіцца ў руках не прэзідэнта, а прэм'ера). Цяпер іх задача — дамагчыся абрання прэм'ер-міністрам лідара пратэстаў Нікола Пашыняна. Ён створыць часовы ўрад, будуць прызначаны датэрміновыя парламенцкія выбары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі