Праз 3 гады ў кожнага жыхара Еўрасаюза будзе хуткасны інтэрнэт
У адрозненні ад Еўропы, шырокапалосны доступ да сеціва атрымаюць толькі 38% беларусаў, але не раней за 2015 год.
20 верасня Еўракамісія прадставіла свае прапановы па развіцці інтэрнэта.
У той самы дзень у Мінску абмеркавалі еўрапейскі вопыт кіравання
інтэрнэтам за круглым сталом.
У адпаведнасці са Стратэгіяй развіцця інфармацыйнага грамадства, зацверджанай Саветам Міністраў 9 жніўня, да 2015 плануецца забяспечыць шырокапалосным інтэрнэтам 38% жыхароў нашай краіны.
Тым часам стратэгія развіцця лічбавых тэхналогій Еўрапейскай камісіі
прапануе да 2013 забяспечыць шырокапаласным інтэрнэтам усіх жыхароў
Еўрасаюза. А да 2020 года – усіх забяспечыць звыш-хуткім
інтэрнэт-доступам (болей за 30 Мбіт за секунду), і не менш за палову – з
хуткасцю 100 Мбіт за секунду.
"Хуткі шыракапалосны інтэрнэт –
гэта, можна сказаць, "лічбавы кісларод", ён неабходны для дабрабыту і
росквіту Еўропы. Ніхто не сумняваецца: калі кожны апынецца ў ан-лайне,
то Еўропа ад гэтага выйграе... Я не магу дапусціць, каб еўрапейскія
кампаніі канкуравалі з азіяцкімі з іх інтэрнэтам у 100 разоў хутчэйшым,
чым наш. Сённяшнія прапановы стануць гучным і ясным сігналам для
еўрапейскіх кампаній і грамадзянаў", – заявіла Еўракамісар па лічбавых тэхналогіях Нээлі Кроэс (Neelie Kroes).
Яна прадставіла ў Бруселі тры прынцыповыя прапановы да пераходу да хуткага і звышхуткага шырокапалоснага інтэрнэту ў Еўрасаюзе.
Па-першае,
развіццё так званага Доступу наступнага пакалення (Next Generation
Access). Нацыянальныя тэлекамунікацыйныя кампаніі заклікаюць, з аднаго
боку, прывабіць інвестыцыі ў шырокапалосную інфраструктуру, а з другога,
забяспечыць здаровую канкурэнцыю.
Па-другое, еўракамісар
заклікае Еўрапарламент і Савет Міністраў прыняць 5-гадовую праграму
развіцця радыёчастот, даступных для бяздротавага шыракапалоснага
інтэрнэту.
Па-трэцяе, рэкамендацыі, як найлепшым чынам
прывабіць прыватныя і дзяржаўныя інвестыцыі ў шыракапалосныя сеткі.
Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку прапануецца падрыхтаваць фінансавыя
механізмы падтрымкі ініцыятывы.
Нээлі Кроэс: "Мы
прадстаўляем, як прывабіць не менш за 200 мільярдаў еўра ў якасці
прыватных і дзяржаўных інвестыцый у хуткія і звышхуткія шыракапалосныя
сеткі, патрэбныя Еўропе".
Адзначым, што эканамічны крызіс можа адмоўна паўплываць на перспектывы плана Еўракамсіі.
Дарэчы,
20 верасня ў Мінску адбыўся круглы стол, прысвечаны інтэрнэту. Яго
арганізавала Прадстаўніцтва Еўрасаюза і Інстытут філасофіі Акадэміі
Навук Беларусі. Падчас круглага стала супрацоўнік Інстытута філасофіі
Акадэміі Навук Сцяпан Мякчыла выказаўся, што ані амерыканская, ані
кітайская мадэль развіцця інфармацыйнага грамадства Беларусі не пасуюць.
Сцяпан Мякчыла: "Ёсць
і трэцяя мадэль, якая кардынальна адрозніваецца ад першых дзвюх, пры
якой дзяржава свядома і мэтанакіравана займаецца пабудовай
інфармацыйнага грамадства, не давяраючы прыватнай ініцыятыве. Адначасова
не дапускаючы сеткавай няроўнасці і абараняючы грамадзян ад негатыўных
эфектаў сеткавай экспансіі. Мяркую, што для нашай краіны з яе сацыяльна
арыентаванай мадэллю яна з'яўляецца найбольш актуальнай".
У выпадку рэалізацыі ў краіне гэтай мадэлі, падыходы Еўрасаюза і Беларусі будуць заўважна адрознівацца.
Фота: roaps.com