Праз два пункты пропуску на мяжы з Літвой можна будзе ездзіць толькі ўдзень
Пункт пропуску на беларуска-літоўскай мяжы / VSAT
У Літве плануюць абмежаваць уезд праз два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Гэта "Твярачус" і "Шумскас" (з беларускага боку — "Відзы" і "Лоша").
Памежныя пераходы там будуць працаваць толькі для легкавых машын і толькі ў дзённы час сутак, расказаў парталу Delfi кіраўнік Мытнага дэпартамента Літвы Дарус Жвіронас.
Гэтыя пункты не абсталяваныя рэнтгенаўскімі апаратамі. Літоўскія мытнікі сцвярджаюць, што праз іх бесперашкодна ідзе кантрабанда цыгарэт у пустых грузавіках. Новаўвядзенне, па словах Жвіронаса, дапаможа прадухіліць як карупцыю, так і кантрабанду. Ён дадаў, што іншыя буйныя памежныя пераходы працуюць кругласутачна і праз іх можна праехаць уначы.
Закрыццё пунктаў пропуску для грузавікоў, як кажа Жвіронас, магчымае ўжо напрыканцы 2023-га.
Кіраўнік літоўскай мытні таксама расказаў, што бліжэйшыя два гады амаль на ўсіх буйных памежных пунктах і ў Клайпедскім порце пабудуюць ці абновяць рэнтгенаўскія апараты для сканавання грузаў. У гэтым Літве дапамогуць фонды Еўрасаюза.
Напярэдадні літоўскі бок паведаміў, што цыгарэтную кантрабанду з Беларусі ўдалося зменшыць у чатыры разы пасля закрыцця чыгуначнага пераходу Стасілас — Беняконі, дзе не было рэнтгенаўскага апарату для праверкі грузаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.