“Праз унутраны крызіс Трамп можа стаць больш актыўным у міжнародных адносінах"

“Праз унутраны крызіс Трамп можа стаць больш актыўным у міжнародных адносінах"

Пасля разгону сёлетняй акцыі на Дзень Волі і рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў “антыдармаедскіх” пратэстаў амерыканскім прыхільнікам ідэі паляпшэння стасункаў з Беларуссю стала складана адстойваць сваю пазіцыю. Менавіта таму прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб працягненні санкцый у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Хоць яшчэ некалькі месяцаў таму была працягнутая “замарозка” санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў, кажа палітолаг Яўген Прэйгерман.

Прэйгерман: “Да ўсяго, ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі ёсць не вельмі добры “гістарычны бэкграўнд”, таму там з асцярожнасцю ставяцца да Беларусі. І апошняе: магчыма, на прыняцце такога рашэння паўплывала і тое, што Трамп сёння знаходзіцца ў надзвычай цяжкай унутранай сітуацыі. І калі гэты ўнутрыпалітычны крызіс будзе паглыбляцца, Трамп так ці інакш будзе вымушаны традыцыйную актыўную ролю ў міжнародных адносінах усё больш адыгрываць. І тады тэма правоў чалавека і дэмакратыі можа дастаткова хутка вярнуцца ў парадак дня”.

Афіцыйнаму Мінску Яўген Прэйгерман раіць не звяртаць асаблівай увагі на рашэнне Трампа працягнуць гэтыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

Прэйгерман: “Трэба толькі працягваць працаваць па ўсіх кірунках. І па кірунку непасрэдна знешнепалітычным і наладжванні стасункаў непасрэдна з тымі фактарамі ў ЗША, якія ці могуць займацца, ці могуць быць карыснымі ў “беларускіх справах”. А з іншага боку, трэба займацца тым, каб унутры краіны не было такіх падзей, якія адбываліся 25 сакавіка, напрыклад. Бо дэманстрацыя таго, якая цудоўная амуніцыя ёсць у міліцыянтаў і іншых сілавікоў, — гэта, канечне, забаўляльнае шоў, але гэта не дае дадатковых аргументаў для таго, каб паляпшаліся адносіны з Захадам увогуле і з ЗША ў прыватнасці”.

Нагадаем, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягнуў дзеянне ўказа Джорджа Буша-малодшага ад 2006 года, які з’явіўся ў адказ на парушэнні ў нашай краіне правоў чалавека і правядзенне недэмакратычных выбараў. У дакуменце адзначаецца, што “дзеянні і палітыка некаторых прадстаўнікоў ураду Беларусі і іншых асоб працягваюць падрываць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў краіне”, інфармуе прэс-служба Белага дома. Таксама адзначаецца, што кіраўніцтва Беларусі працягвае “парушаць правы чалавека, што ўяўляе надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі