Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран сёння сыходзіць у адстаўку
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран сыходзіць у адстаўку сёння, 13 ліпеня. Чакаецца, што ён наведае сесію Палаты абшчын, пасля чаго накіруецца ў Букінгемскі палац, дзе папросіць каралеву аб адстаўцы. Такім чынам, ужо сёння Злучанае Каралеўства атрымае новага прэм’ера.
Раней стала вядома, што міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй засталася адзіным кандыдатам на пасаду новага лідара Кансерватыўнай партыі і прэм'ер-міністра. Іншая прэтэндэнтка — міністр энергетыкі Андрэа Лідсам — зняла сваю кандыдатуру. А кіраўнік гэтай партыі аўтаматычна ачольвае брытанскі кабінет міністаў.
Дэвід Кэмеран быў прыхільнікам захавання Злучанага Каралеўства ў складзе Еўрасаюза, але па выніках рэферэндуму 23 чэрвеня большасць брытанцаў прагаласавала за выхад з ЕС. У сувязі з гэтым Кэмеран заявіў, што пакіне пасаду прэм’ера.
Тэрэза Мэй стане другой у гісторыі Брытаніі жанчынай на пасадзе прэм’ер-міністра. Першай была Маргарэт Тэтчар.