Прэс-сакратар Крамля: Пуціну цяжка было працаваць з “апалчэнцамі”

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Уладзімір Пуцін паўплываў на лідараў самаабвешчаных “ДНР” і “ЛНР” на перамовах у Мінску. Такім чынам прэс-служба Крамля пацвердзіла словы канцлера Германіі Ангелы Меркель.

Паводле Пяскова, “гэта патрабавала ад усіх бакоў значнай гнуткасці, захавання настойлівасці, адстойвання сваіх інтарэсаў”. Ён таксама адзначыў, што былі моманты, непрымальныя для сепаратыстаў. Таксама прэс-сакратар Пуціна заяўляе, што сітуацыя ўскладняецца нежаданнем Кіева весці наўпроставы дыялог, перадае БелаПАН са спасылкай на расійскі тэлеканал “Дождь”.
 
На пытанне, якім чынам Пуцін кантактаваў з Захарчанкам і Платніцкім, Пяскоў адказаў: “Адпаведным чынам”.

Пра тое, што Уладзімір Пуцін аказаў уплыў на сепаратыстаў, каб тыя спынілі агонь у поўнач 15 лютага, гаворыцца ў заяве канцлера Германіі Ангелы Меркель па выніках мінскай сустрэчы лідараў “нармандскай чацвёркі”.

Па словах Меркель, удзельнікі саміта дамовіліся пра ўсеагульнае выкананне мінскіх пагадненняў, аднак “для гэтага павінны быць зроблены канкрэтныя крокі, і наперадзе яшчэ шмат перашкодаў”. “Я не маю ніякіх ілюзіяў, наперадзе яшчэ вельмі шмат працы, але ёсць рэальны шанец палепшыць сітуацыю. Германія і Францыя паказалі, што яны могуць зрабіць унёсак у мірны працэс разам з усёй Еўропай”, — дадала яна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі