Прэзідэнт Шры-Ланкі пагадзіўся сысці ў адстаўку
Гатабая Раджапакса злева / MEAphotogallery
Прэзідэнт Шры-Ланкі Гатабая Раджапакса пацвердзіў, што сыдзе ў адстаўку, паведаміла канцылярыя прэм'ер-міністра. Гэта здарылася неўзабаве пасля таго, як дзясяткі тысячаў пратэстоўцаў штурмавалі рэзідэнцыі прэм'ера і прэзідэнта, піша ВВС.
Спікер парламента раней заявіў, што прэзідэнт сыдзе ў адстаўку 13 ліпеня, але многія жыхары скептычна паставіліся да таго, што ён пагодзіцца пакінуць сваю пасаду.
Месцазнаходжанне самога Раджапаксы не вядомае, і ён не выступаў публічна з тых часоў, як пратэстоўцы штурмавалі яго рэзідэнцыю ў суботу.
Паводле звестак крыніцаў ВВС, ён на ваенным караблі ў водах Шры-Ланкі. Яго перавялі ў бяспечнае месца яшчэ да таго, як пратэстоўцы ўвайшлі ў прэзідэнцкі палац.
Прычына пратэстаў на Шры-Ланцы — глыбокі фінансавы крызіс. Апошнія месяцы ў краіне не хапае харчавання, паліва і лекаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.