Прэзідэнт Украіны прызначыў пажыццёвую стыпендыю бацькам Міхаіла Жызнеўскага
21 лістапада прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ аб прызначэнні пажыццёвай стыпендыі бацькам беларуса Міхаіла Жызнеўскага, перадае БелаПАН. Пра сваё рашэнне ён абвясціў у той жа дзень на сустрэчы са сваякамі герояў так званай Нябеснай сотні — удзельнікаў акцыі пратэсту на Майдане Незалежнасці ў Кіеве, якія загінулі ў студзені-лютым 2014 года. Акурат 21 лістапада ва Украіне святкавалі другія ўгодкі Еўрамайдана.
Указ аб фінансавай падтрымцы бацькоў Жызнеўскага падпісаны як даніна памяці "грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які аддаў сваё жыццё, адстойваючы ідэалы дэмакратыі, правы і свабоды чалавека, еўрапейскі выбар Украіны падчас Рэвалюцыі годнасці".
Парашэнка даручыў кабінету міністраў распрацаваць і зацвердзіць парадак выплаты стыпендыі і вызначыць яе памер. Таксама урад павінен прадугледзець сродкі на выплату стыпендыі падчас распрацоўкі законапраектаў аб дзяржаўным бюджэце Украіны.
Нагадаем, што гамяльчук Міхаіл Жызнеўскі некалькі апошніх гадоў жыў ва Украіне. Ён быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца. Хлопец стаў адной з першых ахвяр супрацьстаяння еўрамайданаўцаў з сілавікамі. 18 лістапада 2015 года прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Украіны паведаміў, што Жызнеўскі забіты куляй, якую выкарыстоўваюць у МУС для спынення транспартных сродкаў.
26 лістапада 2014 года ў Кіеве быў адкрыты помнік загінуламу. Бацькам быў уручаны ордэн Герояў Нябеснай сотні.
Фотакалаж: telegraf.com.ua