Продаж халадзільнікаў "Атлант" у Расію знізіўся на 20% — Крутой
Дзмітрый Крутой
У Расіі ёсць праблемы з продажам беларускай бытавой тэхнікі. На гэта паскардзіўся амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой.
Па словах дыпламата, попыт на беларускую тэхніку рэзка вырас у 2022-м годзе, калі Захад увёў санкцыі пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны. Але ўсё сапсаваў расійскі кантрафакт — так званы "паралельны імпарт".
"Быў пэўны ўсплёск паставак нашых халадзільнікаў, пральных машын, газавых, электрычных пліт летась на фоне геапалітычнай сітуацыі, яшчэ не раскручанага на той момант механізму паралельнага імпарту і пэўных пустых, скажам так, ніш і аб'ёмаў расійскага сегмента. Але сёлета працаваць стала ўжо значна цяжэй", — перадае БЕЛТА словы Крутога.
Напрыклад, продаж халадзільнікаў "Атлант" сёлета знізіўся на 20%. Праўда, на нядрэнным узроўні трымаецца экспарт пралак па выніках года абяцае павялічыцца.
Таксама Крутой паскардзіўся на канкурэнцыю з Турцыяй і Кітаем у расійскіх рэгіёнах — там анансуюць сумесныя праекты ў сферы вытворчасці бытавой тэхнікі. "Але ўзнікае пытанне: гэта будзе паўнавартасны завод з поўным тэхналагічным цыклам або адвёрткавая, элементарная зборка дзеля сыходу ад пошлін і нейкіх выгад у лагістычных схемах? Як тады канкураваць на гэтым сегменце?" — наракае дыпламат на канкурэнтаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.