“Пры будаўніцтве медцэнтра дом на Прытыцкага мусіў абрынуцца”
Змаганне жыхароў працягваецца: ужо прыязджаў кіраўнік горада, яны чакаюць прадстаўніка прэзідэнта.
Змаганне жыхароў дома па Прытыцкага,48 супраць будаўніцтва пад іх вокнамі медыцынскага цэнтру працягваецца. Да іх ужо прыязджаў выканаўца абавязкаў старшыні Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, двойчы яны былі ў яго на прыёме. Лісты пратэсту напісаныя ва ўсе магчымыя інстанцыі. Аднак канчатковай адмены будаўніцтва пакуль няма, яно прыпынена толькі часова. Асноўныя аргументы жыхароў: медцэнтр затуліць святло ў вокнах ніжэйшых паверхаў, дзеля яго будаўніцтва знішчаць адзіную ў наваколлі дзіцячую пляцоўку, а таксама — што дом можа абрынуцца, бо стаіць на пагорку з нетрывалымі пясчанымі глебамі. У якасці доказу дэманструюць падпорную сцяну пагорка, якая ўжо ў некалькіх месцах трэснула. Найбольш прасунутыя жыхары апелююць, што каля самага метро — стратэгічнага аб’екту — нельга нічога будаваць: ці мала што туды могуць цішком завезці?! Яшчэ адзін аргумент — што ў медыцынскім цэнтры ўсталююць рэнтген-апараты, якія будуць шкодзіць іх здароўю. І нарэшце, абураюцца жыхары, будаўніцтва пад самымі вокнамі азначае пыл, бруд і — адпаведныя хваробы.
Учора прайшла пагалоска, што да іх едзе “прадстаўнік прэзідэнта”. Адна бабулька сказала нам больш пэўна — “намеснік Лукашэнкі”. Людзі сабраліся, як і было ў чутках, а другой гадзіне, але за паўтары гадзіны так нікога і не дачакаліся. Затое распавялі пакуль карэспандэнту Еўрарадыё пэўныя акалічнасці змагання.
Яўген Хасіневіч, жыхар дома: "Рэч у тым, што я сам праекціроўшчык — з таго самага інстытуту, які запраектаваў гэты аб’ект. Пры праектаванні дапушчана цэлая куча парушэнняў адносна нашага жылога дома! Дом знаходзіцца на гары, усе падмуркі з боку аб’екта, які будуецца, не перавышаюць 4,5 метры. Паводле разлікаў, якія выканаў мой бацька, канструктар (я яму даў усе неабходныя звесткі), — паводле першапачатковага праектнага рашэння, груба кажучы, наш дом мусіў абрынуцца".
Іншы жыхар дома, Уладзімір Варанцоў, распавёў, як выканаўца абавязкаў мэра горада Мікалай Ладуцька і кіраўнік Упраўлення камунальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама Андрэй Галь у адзін дзень даслалі ім розныя паводле сэнсу адказы на зварот.
Уладзімір Варанцоў, жыхар дома: "Звярнуліся да Ладуцькі, прыйшоў нам за ягоным подпісам адказ і адказ ягонага супрацоўніка Галя. Яны напісаныя практычна пад капірку, адрозніваюцца толькі высновы. Ладуцька напісаў: зменшыць колькасць паверхаў і будаваць — са згоды жыхароў нашага дома. А Галь напісаў: вышукаць мажлівасць вылучыць пляцоўку ў іншым месцы, не будаваць. Чаму атрымліваецца такая фальсіфікацыя, як такое магло атрымацца?! Будаўнікоў задаволіў бы адказ Ладуцькі, а жыхароў дома – Галя!.."
Аднак канкрэтна ўчора жыхары чакалі менавіта “прадстаўніка прэзідэнта”… На тое, што прыедзе нейкі высокі чын, паказвала трохдзённая мітусня будаўнікоў: залаталі ўсе дзюры ў асфальце ў двары дома, пафарбавалі ў ружовы колер пад’езды, заклалі пліткай яміну на ходніку…
Яўген Хасіневіч: "Увогуле мы спадзяемся пабачыць сёння прадстаўніка прэзідэнта. Яшчэ раней мы звярнуліся да вядомага спецыяліста па глебах Нікіценкі — ягонае заключэнне ляжыць на стале Ладуцькі. Цяпер вось спадзяемся, каб нас пачуў прадстаўнік кіраўніка дзяржавы".
Уладзімір Варанцоў тлумачыць, адкуль пайшла інфармацыя пра “прыезд рэвізора”.
Уладзімір Варанцоў: "Звярталіся да Васільева, кіраўніка Адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Даўгала, ягоны намеснік, сказаў, што павінны нібыта сёння прыехаць… Прыязджаў Ладуцька з камандай — праверылі гатоўнасць аб’екта да паказу. І прайшла пагалоска, што магчыма, з Адміністрацыі прэзідэнта нехта будзе. Мы спадзяемся, гарантыяў няма, але паступаць іначай мы ўжо не можам".
Да размовы далучаецца жыхар дома Мікалай Шурпік, 86-гадовы ветэран вайны — ён прыйшоў у мундзіры, на грудзях — калодкі ад палутара дзясяткаў медалёў і ордэнаў.
Мікалай Шурпік, жыхар дома: "Я Мікалай Сямёнавіч Шурпік, інвалід Айчыннай вайны ІІ групы, быў двойчы паранены. Я жыву ў гэтым доме з 1973 года, з першага дня засялення. Гэты дом будаваўся спецыяльна для ветэранаў. І бачыце, што нам цяпер робяць — хочуць затуліць вокны, затуліць нам усё святло, жыць нам не хочуць даць..." (плача)
Мікалай Сямёнавіч абураецца цынізму чыноўнікаў: 9 траўня яны ўрачыста віншавалі яго з Днём Перамогі, а паралельна хочуць затуліць святло ў кватэры і паставіць пад пагрозу ўвесь ягоны дом.
Мікалай Шурпік: "Сам міністр прыродных рэсурсаў прыязджаў мяне віншаваць — на кватэру прыехаў. Атрымаў я і з гарвыканкама падарунак, і з райвыканкама, са сваёй арганізацыі — Міністэрства прыродных рэсурсаў. А паралельна бачыце, што робяць!? Я жыву на чацвертым паверсе, мае вокны якраз выходзяць на гэты бок. Закрыць мне ўсё святло хочуць!.."
Жыхары дома паабяцалі паведамляць Еўрарадыё пра новыя акалічнасці справы. Мы будзем сачыць за развіццём падзеяў.
Жыхары дома падчас пратэсту зліліся ў адну каманду
Падрыхтоўка да прыезду высокіх чыноўнікаў: пафарбавалі лесвіцу...
...залаталі дзюры ў асфальце...
...пафарбавалі пад'езды...
...заклалі яміну на ходніку...
Тым часам, трывога жыхароў не беспадстаўная: падпорная сценка дома праз пясчаную глебу трэснула ўжо цяпер...
Будаўніцтва прыпыненае, але пакуль — часова
Адказ вядомага спецыяліста па глебах