Знаходжанне дзіцяці ў садку каштуе даражэй, чым навучанне ва ўніверсітэце

На кожнае дзіця ў садку штогод дзяржава выдаткоўвае з бюджэту 17 мільёнаў рублёў, то бок каля 1,5 мільёна ў месяц. Гэта вынікае са словаў віцэ-прэм'ера Анатоля Тозіка. Разбіраемся, на што ж з казны ідзе столькі грошай, калі самі бацькі аплачваюць ежу, купляюць розныя неабходныя рэчы, скідваюцца на рамонт.

“Ёсць адмысловы спіс, па якім бацькі мусяць нешта набываць, — расказвае выхавацель з мінскага садка Вольга.Там акварэль, гуаш, алоўкі, асадкі. Таксама у спісе ёсць лялькі, зубныя шчоткі, пасты, мыйныя сродкі. Яшчэ ёсць бацькоўскі камітэт, які таксама нешта можа набыць”.

Таксама бацькі робяць за свой кошт рамонт у садку, дадае выхавацель Сяргей:

“Бацькі набываюць усё, што трэба для прыборкі. Сёлета збіраюцца рабіць рамонт у групе, бацькі скідваліся на шпалеры па 150 тысяч. Пасля плата за ежу — каля 450 тысяч у месяц”.

Атрымліваецца, бацькі аднаго дзіцяці аддаюць на садок больш за 500 тысяч на месяц. І гэта без дзярждатацый. На што ж ідуць 17 мільёнаў? Калі б усе гэтыя грошы ішлі на заробак, выхавацель мог бы атрымоўваць 13 мільёнаў, нянечкі каля 10. Але цяпер выхавацель зарабляе 3,3 мільёна, нянечкі — крыху больш за 2.

У Мінадукацыі тлумачаць, што ў 17 уваходзіць рамонт, абсталяванне, прадукты харчавання, камунальныя плацяжы, сувязь, заробкі і транспарт. А тыя 450 тысяч, што бацькі аддаюць штомесяц за харчаванне, — плата за гатаванне ежы.

Тым не менш, вышэйшая адукацыя ў Беларусі, выходзіць, таннейшая за дашкольную! За 17 мільёнаў можна год вучыцца на філалагічным ці гістарычным факультэце БДУ і яшчэ грошы застануцца.

А калі вучыцца ў прыватных універсітэтах, выйдзе яшчэ менш: год у Інстытуце упраўлення і прадпрымальніцтва для першакурснікаў каштуе на 5 мільёнаў танней, чым год прыбывання дзіцяці ў садку для бюджэту краіны па версіі Анатоля Тозіка.

Фота: suomik.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі